Украінская армія адмаўляецца ад МАЗаў



Замест беларускіх грузавікоў плануецца закупляць КрАЗы ўкраінскай вытворчасці.

Аўтамабільны парк Узброеных сілаў Украіны амаль не аднаўляўся з часоў Савецкага Саюза. Так, напрыклад, у якасці асноўнага седлавога цягача для транспарту цяжкой бронетэхнікі выкарыстоўваўся чатырохколавы МАЗ-537 мадэлі 1963 года. Аўтамабіль выклікаў шмат нараканняў з боку ўкраінскіх вайскоўцаў, найперш з прычыны нязручнасці кіравання і цяжкасці рамонту.

Падчас мадэрнізацыі аўтапарка ўкраінскай арміі разглядаліся розныя варыянты седлавых цягачоў, у тым ліку і тэхніка беларускага вытворцы «Volat», даччынага прадпрыемства МАЗа. Але ў выніку ўкраінскія вайскоўцы спыніліся на цягачы “Тытан” вытворчасці крэменчугскага аўтамабільнага завода. Пры параўнальна роўных тэхнічных характарыстыках украінскі «Тытан» таннейшы ў эксплуатацыі і абслугоўванні.

Мяркуецца, што мадэрнізаваныя ўкраінскія цягачы будуць адпавядаць вайсковым стандартам НАТА.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя