Украінскі бізнэсмэн стаў уладальнікам 27 крамаў duty free ў Беларусі



Буйны аператар крамаў бяспошліннага гандлю «Беламаркет д’юці фры» у канцы мінулага года адышоў пад кантроль Артура Гранца.

Пра гэта TUT.BY паведамілі дзве крыніцы, блізкіх да кампаніі.

Кампанію «Беламаркет д’юці фры» да гэтага часу кантраляваў Аляксандр Пацёмкін разам з Упраўленнем справамі прэзідэнта. У канца 2016 года Пацёмкін прадаў кампанію Артуру Гранцу. Партнёрам стаў Gebr. Heinemann.

«Як нам сказалі, гэты чалавек жыве ў Кіеве, мае від на жыхарства ў Літве і шмат часу з сям’ёй праводзіць у Швейцарыі. Сам ён выхадзец з Беларусі», – сказала былая супрацоўніца кампаніі.

Па словах яшчэ аднаго суразмоўцы, плануецца, што неўзабаве галоўны офіс кампаніі пераедзе з Берасця ў Менск.

«Пацёмкін даўно збіраўся на выхад, таму што тлустыя гады ў гэтым бізнесе скончыліся», – рэзюмаваў суразмоўца. Цяпер кампаніі належыць 27 крамаў бяспошліннага гандлю, гаворыцца на сайце «Беламаркет д’юці фры».

Паводле дадзеных украінскіх СМІ, Артур Гранц ў партнёрстве з адным з еўрапейскіх лідараў бяспошліннага гандлю нямецкай кампаніяй Gebr. Heinemann кантралюе крамы duty free ў аэрапорце «Барыспаль», у Грузіі і Арменіі.

ej.by