Уладзімір Кавалкін: «Камуналка» працягне расці



«Рост камунальных паслуг для беларусаў будзе залежыць у тым ліку і ад таго, ці знізіць Расея цану на энерганосьбіты для Беларусі», — кажа кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

У летні сезон камунальныя паслугі практычна не змяніліся, але некаторыя называюць гэта «зацішшам перад бурай». Ці варта чакаць рэзкага падвышэння «камуналкі» пасля летняга адпачынку тарыфаў ЖКГ?

Уладзімір Кавалкін: Хутчэй за ўсё, напрыканцы лета і восенню будуць адбывацца два паралельныя працэсы. Першы – невялікі рост тарыфаў. Другі – пачнецца ацяпляльны сезон і “жыроўкі” вырастуць да ўзроўню куды большага, чым раней. Тут, дарэчы, шмат будзе залежыць ад узамаедзеяння беларускіх уладаў з Расеяй, як яны дамовяцца па цэнах на энерганосьбіты. У прыватнасці – на газ. Бо да гэтага часу дамовіцца не могуць, а “Газпрам” наогул заяўляе, што наш доўг ужо пратэрмінаваны да 200 мільёнаў даляраў. Гэта якраз і звязана з тым, што цанавое пытанне не ўрэгулявана. Калі яно вырашыца не на карысць Беларусі, то варта чакаць падвышэння тарыфаў на камунальныя паслугі. Вырастуць цэны на газ – падаражэе атапленне.

РР: Ці можа Расея пайсці на саступкі і знізіць цану на газ?

Уладзімір Кавалкін: Думаю, яна можа пайсці не на саступкі ў плане зніжэння цаны на газ, а пакінуць яе на гэтым узроўні. Таму што Беларусь зараз знаходзіцца ў даволі складаным эканамічным становішчы. Трэці квартал – складаны, бо ў нас будуць вялікія плацяжы па знешнім доўгу. Нашаму бюджэту і ўраду трэба пакінуць нейкія рэзервы, каб выплаціць грошы і не дапусціць дэфолта. Таму зараз з Масквой і будуць весці актыўныя перамовы і па зніжэнні цэнаў, і наконт пралангацыі пазыкаў, і па адтэрміноўцы плацяжоў. Таму што іншага шляху няма. Гэта і стане лакмусавай паперкай у тым ліку і па тарыфах ЖКГ.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя