Урад плануе правесці глыбокую дыягностыку прадпрыемстваў



У 2017 годзе эканамічныя ўлады плануюць правесці глыбокую фінансавую дыягностыку прадпрыемстваў з мэтай іх фінансавага аздараўлення. Паводле інфармацыі БелаПАН, гэта прадугледжана праектам дакумента, у якім пералічаны асноўныя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год

эканоміка

У ліку іншых задач у рэальным сектары, якія ў 2017 годзе збіраецца вырашыць урад, павышэнне эфектыўнасці кіравання дзяржаўнай уласнасцю, а таксама аптымізацыя структуры і складу дзяржактываў.

Апошнія дадзеныя афіцыйнай статыстыкі сведчаць аб дастаткова складаным фінансавым становішчы сітуацыі ў дзяржсектары. Так, у першым паўгоддзі кожная пятая камерцыйная арганізацыя з доляй дзяржавы была стратнай — у залежнасці ад рэгіёна ўдзельная вага стратных дзяржарганізацый вагалася ў дыяпазоне ад 13% да 31%

Тэма павышэння эфектыўнасці дзейнасці дзяржпрадпрыемстваў абмяркоўвалася на мінулым тыдні падчас круглага стала ў Мінску. Незалежныя эксперты, якія праводзілі спецыяльнае даследаванне па гэтай тэме, прыйшлі да высновы, што існая ў Беларусі дэцэнтралізаваная мадэль кіравання дзяржуласнасцю, пры якой прадпрыемствы падведамасны шматлікім міністэрствам і ведамствам, з’яўляецца неэфектыўнай.

„Пры такой мадэлі кіравання міністэрства і ведамствы, якія курыруюць прадпрыемствы, зацікаўленыя не ва ўстойлівым функцыянаванні і павышэнні эфектыўнасці апошніх, а ў выкананні мэтавых паказчыкаў, якія да іх даводзяцца”, — адзначыў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Аляксандр Аўтушка-Сікорскі.

Паводле яго слоў, найбольш эфектыўнай ва ўсім свеце лічыцца цэнтралізаваная мадэль карпаратыўнага кіравання дзяржсектарам, пры якой усе дзяржпрадпрыемствы падпарадкоўваюцца адзінаму органу кіравання, а ён, з аднаго боку, адказвае за павышэнне эфектыўнасці дзяржпрадпрыемстваў, а з іншага — ажыццяўляе адпаведны маніторынг.

Паводле інфармацыі БелаПАН, апошняя місія Міжнароднага валютнага фонду, якая працавала ў Мінску ў чэрвені, рэкамендавала ўладам ужо ў 2017 годзе стварыць адзіны орган кіравання дзяржсектарам на базе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

Разам з тым дзяржслужачыя адзначаюць, што ведамствы не хочуць расставацца з паўнамоцтвамі па кіраванні дзяржпрадпрыемствамі, таму рух на шляху пераходу да іншай сістэмы функцыянавання дзяржсектара тармозіцца.

Нагадаем, раней у Беларусі актыўна абмяркоўвалася тэма стварэння міністэрства прамысловай палітыкі, пад кіраваннем якога планавалася аб’яднаць прадпрыемствы, падведамныя канцэрнам. Аднак рэалізаваць гэты праект так і не ўдалося.

„Калі гэта будзе міністэрства прамысловай палітыкі, генеральскае крэсла будзе адно. Адпаведна, ёсць нежаданне з боку канцэрнаў, якія першапачаткова планавалася аб’яднаць у міністэрства прамысловай палітыкі, туды ўваходзіць”, — канстатавала падчас згаданага круглага стала начальнік упраўлення дзяржуласнасці Міністэрства прамысловасці Карына Хобатава .

Яна падкрэсліла, што стварэнне адзінага органа кіравання дзяржсектарам з’яўляецца недастатковай умовай для павышэння эфектыўнасці працы дзяржпрадпрыемстваў. „Стварэнне міністэрства прамысловай палітыкі азначае, што яно ў сваёй сістэме аб’яднае большую колькасць дзяржпрадпрыемстваў. Пры гэтым гэтыя прамысловыя прадпрыемствы як былі абцяжараны дзяржмаёмасцю і звязанымі з гэтым дадатковымі выдаткамі па яе ўтрыманні, так усё і застанецца”, — адзначыла Карына Хобатава.

Таму, лічыць яна, стварэнне адзінага інстытута кіравання дзяржсектарам неабходна ўвязваць з „вызваленнем прамысловых прадпрыемстваў ад неўласцівых для іх функцый і дадатковых выдаткаў”.

belapan.by