Устаноўлены новы бюджэт пражытачнага мінімуму



У Беларусі ўстаноўлены новы бюджэт пражытачнага мінімуму. Пра гэта паведамляецца ў  пастанове Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

З 1 лютага па 30 красавіка БПМ у сярэднім на душу насельніцтва складзе ў месяц 1 млн. 591 тыс. 310 рублёў — прыкладна на 24 тысячы рублёў, або на 1 еўра, больш за папярэдні паказчык.

Павелічэнне БПМ пацягне з лютага і невялікі рост пенсій (на 1,4%), надбавак, а таксама відаў дзіцячых дапамог, якія вылічваюцца ў прывязцы да бюджэту пражытачнага мінімуму. Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці на наступныя тры месяцы складзе 15 млн. 913,1 тыс. рублёў, другога і наступных — 22 млн. 278,3 тыс. рублёў.

З лютага па красавік памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці да трох гадоў на першае дзіця вырасце да 2 млн. 450,5 тыс. рублёў, на другое і наступных дзяцей – да 2 млн. 800,5 тыс. рублёў, на дзіця-інваліда – да 3 млн. 150,6 тыс. рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота belta.by