Новае жыллё ў Менску ў 2015-ым скарацілася на 21,6%



У 2015 годзе ў Менску ўведзена ў эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання 1 млн. 36,2 тыс. кв. метраў жылля, што на 21,6% менш, чым за 2014 год, паведаміла галоўнае статыстычнае ўпраўленне Мінска. З дзяржпадтрымкай пабудавана 192,1 тыс. кв. метраў (на 34% менш).

Пра тое, што ў Менску будуць зніжаць аб’ёмы будаўніцтва жылля дзеля стрымлівання росту насельніцтва, заявіў у інтэрв’ю праграме „Контуры” тэлеканала ОНТ 13 верасня 2015 года старшыня гарвыканкама Андрэй Шорац. „Мы зніжаем аб’ёмы будаўніцтва жылля. Калі летась мы ўвялі 1 млн. 320 тыс. кв. м, то ў гэтым не перасягнем мільён. І паступова, кожны год, будзем зніжаць будаўніцтва новага жылля, адначасова развіваючы прыгарадныя раёны „Зялёны Бор”, „Нотынгем” і гарады-спадарожнікі”, — сказаў Шорац.

Паводле звестак упраўлення статыстыкі, інвестыцыі ў асноўны капітал знізіліся на 27% да 41,2 трлн. рублёў. Аб’ём будаўніча-мантажных работ зменшыўся на 22,5% да 23,1 трлн. рублёў.

Аб’ём прамысловай вытворчасці ў сталіцы ў 2015 годзе скараціўся на 13,3% да 117 трлн. рублёў, запасы гатовай прадукцыі склалі 7 трлн. 333 млрд. рублёў, або 95,4% сярэднямесячнага аб’ёму прамвытворчасці (у 2014 годзе — 122,2%). Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме рэалізаванай прадукцыі склаў 16,2% супраць 15,6% у мінулым годзе.

Валавы рэгіянальны прадукт Менска ў 2015 годзе знізіўся на 4,5% і склаў 226,2 трлн. рублёў.

Перавозкі грузаў транспартам зменшыліся на 1,5% да 86 млн. тон, пасажыраў — на 6,3% да 802,1 млн. чалавек.

Рознічны тавараабарот вырас на 2,7% да 105,5 трлн. рублёў, аптовы — на 2,7% да 411,8 трлн. рублёў.

belapan.by