Ва Украіне не будзе банкаўскай таямніцы?



Ва Украіне збіраюцца адмяніць банкаўскую таямніцу. Міністэрства фінансаў ужо падрыхтавала адпаведны законапраект, які тычыцца не толькі прадпрымальнікаў, але і шэраговых грамадзянаў.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

Адмена банкаўскай таямніцы, якую прапануе Міністэрства фінансаў, наўпрост звязаная з тымі субсідыямі, якія надаюцца бяднейшым катэгорыям насельніцтва пасля падвышэння коштаў за камунальныя паслугі. То бок, калі ў чалавека, які атрымаў ад дзяржавы субсідыю, знойдуць на банкаўскім рахунку незадэклараваную суму, то ён не толькі пазбаўляецца субсідыі, але і плаціць штраф. Так, прынамсі, Міністэрства фінансаў Украіны тлумачыць сваю прапанову адмяніць банкаўскую таямніцу.

Банкіры ўпэўненыя, што такі закон справакуе масавыя ўцёкі капіталаў, што толькі паглыбіць эканамічны крызіс ва Украіне. За апошнія паўтара года колькасць украінскіх банкаў скарацілася з 181 да 133, пры гэтым банкі страцілі больш за палову дэпазітаў насельніцтва. Такім чынам, новы закон можа канчаткова зліквідаваць банкаўскую сістэму.

Украінскія юрысты і фінансавыя аналітыкі сцвярджаюць, што такі законапраект, хутчэй за ўсё, будзе заблакаваны Вярхоўнай Радай, дэпутаты якой напэўна не зацікаўленыя ў раскрыцці сваіх банкаўскіх таямніц.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vedomosti.ru