Валютная выручка Беларусі ў студзені-верасні знізілася на 14%



Валютныя паступленні Беларусі, паводле дадзеных Нацыянальнага банка, у студзені-верасні склалі 21,4 млрд долараў і знізіліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 14%, або на 3,5 млрд долараў.
Скарачэнне валютных паступленняў Беларусі ў гэтым годзе звязана шмат у чым з памяншэннем экспартнай выручкі. Так, паступленні ад экспарту тавараў у студзені-верасні гэтага года склалі 16,7 млрд долараў і знізіліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага на 15,8%, або больш чым на 3 млрд долараў.Паступленні ад экспарту паслуг у студзені-верасні склаліся на ўзроўні 4,18 млрд долараў і скараціліся на 6,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, або на 311,6 млн долараў.

Як сведчаць дадзеныя аб знешнім гандлі, асноўны адмоўны ўплыў на дынаміку валютнай выручкі Беларусі аказала зніжэнне (у грашовым выражэнні) экспарту беларускіх нафтапрадуктаў, нафты і калійных угнаенняў, якія рэалізуюцца ў краінах Азіі і Заходняй Еўропы.

На думку беларускіх эканамістаў, зніжэнне экспарту і валютнай выручкі абумоўлена галоўным чынам двума прычынамі.

Першая — зніжэнне на сусветным рынку цэн на экспартаваныя Беларуссю нафтапрадукты і скарачэнне попыту на калійныя ўгнаенні.

„Другая прычына скарачэння валютнай выручкі мае больш глыбінныя карані і звязана з падзеннем канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў”, — адзначыла ў каментары БелаПАН вядучы даследчык Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова. У прыватнасці, паводле яе слоў, уступленне Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю ў 2012 годзе прывяло да таго, што канкурэнцыя на асноўным рынку збыту беларускай прадукцыі ўзрасла і айчынным экспарцёрам стала больш складана яе туды прадаваць.

belapan.by