Віктар Маргелаў: Эканоміку рухаюць не стартапы



«Ва ўмовах, калі рынак зварочваецца, адкрываць новы бізнес можна. Шанцы на поспех у прапорцыі 1 да 1000 ёсць», — лічыць сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

На V Міжнародным форуме прадпрымальніцтва высокія чыноўнікі заявілі, што Банк развіцця гатовы даваць недарагія крэдыты пачынаючым бізнесменам, а ў індустрыяльным парку плануецца стварыць субпарк для стартапаў. Банк гатовы фінансаваць стартапы пад 17 адсоткаў гадавых.

 РР: Ці можа агучаная ідэя атрымаць рэалізацыю ў Беларусі?

Віктар Маргелаў: Інстытут прадпрымальніцтва і маркетынгу правёў даследаванне з прадпрымальнікамі на прадмет таго, якія крэдыты для іх сёння з’яўляюцца пад’ёмнымі. Высветлілася, што прадпрымальнікі гатовыя браць крэдыты ў беларускіх рублях па стаўках ніжэй за 5 адсоткаў. І гэта звязана не з тым, што малы бізнес такі сквапны. Няма рынку збыту, пра што кажуць вопытныя прадпрымальнікі. Таму нашы фінансавыя структуры пераключыліся на менш дасведчаных, якім можна крыху стаўкі апусціць. А некаторым нават падабаецца браць валютныя крэдыты, хоць там неверагодныя рызыкі. Сёння за даляр даюць 18 тысяч рублёў, а заўтра могуць – 28 тысяч. Таму я б сказаў пра сённяшнюю сітуацыю і вышэйназваную ініцыятыву так: «Павялічваецца даступнасць недаступнага крэдытавання».

РР: Гэта, напэўна, далёка не найбольш важны фактар для малога бізнесу?

Безумоўна. Нам патрэбна пачынаць са структуры эканомікі і глядзець, чым можна займацца, а чым нельга, каб мінімізаваць рызыкі. Таму актуальным застаецца пытанне: «Што будзе з Радзімай і з намі?» Пакуль не будзе адказу на гэтае пытанне, мы будзем павольна і стабільна падаць уніз. І ва ўмовах, калі рынак зварочваецца, адкрываць новы бізнес можна. Шанцы на поспех у прапорцыі 1 да 1000 ёсць. Але не больш за тое.

РР: Ці зацікавяцца нейкімі бізнес-прапановамі у Беларусі інвестары?

Яны будуць вельмі асцярожнымі ў гэтым пытанні, бо няма рынку. Стартап можа прапанаваць нейкую маленькую нішу, але гэта, хутчэй за ўсё, будзе выключэннем, а не правілам. Эканоміку рухаюць не стартапы, а тыя, хто рэальна займаецца эканомікай. Стартапы – таксама важны накірунак, але не асноўны.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belsat.eu