Віктар Маргелаў: Ранейшага бізнесмена Чыжа ўжо не будзе



Cустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў пра тое, як на беларускім бізнесе адаб’юцца арышты алігархаў.

22 сакавіка са следчага ізалятара КДБ выпусцілі генеральнага дырэктара групы кампаній «Сэрвалюкс» Яўгена Баскіна. Начальнік прэс-службы КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын у інтэрвію БелаПАН паведаміў, што Баскін, які быў затрыманы 15 сакавіка, пераведзены пад хатні арышт. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Баскін кампенсаваў усю суму нанесенай ім, паводле следства, шкоды.

Тым часам, за кратамі застаецца яшчэ адзін буйны бізнесмен Юрый Чыж. Яму прад’яўлена абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры).

Віктар Маргелаў: Сёння, у святле ўсяго таго, што адбываецца, узнікае вельмі цікавае пытанне: чаму мільярды даляраў зарабляюцца, а з гэтым ніхто не разбіраецца. Адкуль раптам за тры гады ў Беларусі ўзнікаюць буйныя гандлёвыя сеткі з мільярднымі ўкладамі? Яны ж не зарабляюць на ўласным прыбытку і крэдыты ім не даюць. Адным словам, загадак шмат. Міжнародныя арганізацыі даюць заключэнне, што ў нас у сярэднім 10 адсоткаў УВП складае незаконны вываз капіталу. Пытанне: хто вывозіць? Не малы ж бізнес. Тут трэба вельмі сур’ёзна разбірацца.

РР: Як на бізнесе адаб’юцца апошнія арышты бізнесменаў?

Віктар Маргелаў: Негатыўна. Бізнес трымаецца на людзях – гэта адназначна. Напрыклад, пасля таго, як пасадзілі Чыжа, пастаўкі дызельнага паліва ва Украіну, мяркую, будуць пад пытаннем. Таму эканамічны ўрон краіне будзе нанесены. Але існуе тут яшчэ і сацыяльна-псіхалагічны ўрон. У нас жа ёсць шырокія народныя масы і беднае насельніцтва, якія і так не вельмі задаволены “багацеямі”. А, калі з’яўляюцца жывыя прыклады, то незадавальненне перакідваецца на шырокія слаі прадпрымальніцтва. І мы гэта бачым.

РР: Пралетарыят любіць, калі “багатых злачынцаў” кідаюць за краты…

Віктар Маргелаў: Так, маўляў, усе яны – злодзеі. Галоўнае слова тут – «усе», у тонкасцях ужо ніхто не разбіраецца. Яшчэ некалькі пасадак, і пралетарыят саспее для раскулачвання багатых. І гэта, напэўна, найбольш негатыўны момант, які суправаджае вышэйназваныя справы.

РР: Кажуць, што Баскін пасля таго, як заплаціў нейкія грошы і адправіўся з турмы пад хатні арышт, а вось Чыж застаецца за кратамі…

Віктар Маргелаў: Ніхто ж не мае дакладнай інфармацыі, але я думаю, што адкупіцца і адзін, і другі. Іншая справа, што таго бізнесмена Юрыя Чыжа, якога мы ведалі раней, ужо не будзе. Магчыма, гэта будзе сярэдненькі бізнесмен, які будзе ціхенька сядзець пад венікам і зарабляць нейкую капейчыну для сябе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя