Віктар Цярэшчанка: Іранская нафта – не альтэрнатыва



Эканаміст Віктар Цярэшчанка распавядае пра тое, навошта Беларусі спатрэбілася іранская нафта.

Як інфармавала Reuters са спасылкай на інфармаваныя крыніцы, дзяржкампанія «Беларуснафта» закупіла ў Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніі (NIOC) 80 тысяч тон нафты (каля 600 тысяч бараляў). Нафта была закуплена праз даччынае прадпрыемства «Беларуснафты» у Польшчы. Мяркуецца, што груз будзе дастаўлены марскім шляхам у Адэсу або латвійскі Вентспілс, а адтуль па чыгунцы нафта будзе перапраўлена ў Беларусь.

Віктар Цярэшчанка: Зразумела, што падчас расейска-беларускіх перамоваў па пастаўках нафты і газу падключаюцца і іншыя рэсурсы. Тут у ход ідзе і азербайджанская нафта, і венесуэльская, і іранская… Але ж усе мы разумеем, які прыбытак ад такіх паставак. Нулявы, а можа яшчэ і ў мінусе застанёмся. Таму найперш трэба дамаўляцца па нафце з расіянамі.

РР: Паведамленне пра іранскую нафту – своеасаблівы псіхалагічны ціск на Маскву?

Віктар Цярэшчанка: Так, бо ўсе разумеюць, што самая танная нафта – расейская. Таму трэба, каб пытанне вырашалася на самым высокім узроўні. Мяркую, што на ўзроўні ўрадаў Расеі і Беларусі канчатковай дамоўленасці так і не будзе.

РР: Але ж альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты таксама нядрэнны варыянт…

Віктар Цярэшчанка: Вы бачыце ў іранскай нафце альтэрнатыву? Альтэрнатыва – гэта калі ёсць эканамічны эфект, калі краіне выгодна. У іранскай нафце такога эфекту няма. І гэта пацвярджаецца тым, што мы атрымалі ў мінулым годзе ад азербайджанскай нафты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя