Віцебскі маторарамонтны завод ідзе на Сахалін



Віцебскі маторарамонтны завод пашырае пастаўкі ў Расею і мае намер стварыць свой дылерскі цэнтр на Сахаліне. Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар прадпрыемства Віктар Масалаў падчас наведвання завода 20 студзеня прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, прэм’ер-міністр падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць разгледзеў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за 2015 год. Падчас наведвання ААТ „Віцебскі маторарамонтны завод” ён азнаёміўся з вынікамі работы прадпрыемства, даў даручэнні па яго далейшым развіцці.

„Нягледзячы на тое што прадпрыемства рамонтнае, цяпер вытворчасць прадукцыі ў нас перавышае рамонт, – паведаміў Масалаў. – Мы ў асноўным працуем з сельгасвытворцамі Віцебскай вобласці, пастаўляем ім больш за 90% тавару, але таксама спрабуем выйсці на знешні рынак: прадалі не адзін агрэгат у мінулым годзе ў Расею, у студзені бягучага года прадалі партыю запчастак. Зараз прапрацоўваем рынак Туркменістана, Арменіі, вядзем перамовы з Сахалінскай фірмай, каб там адкрыць свой дылерскі цэнтр. Спадзяемся, усё гэта дапаможа істотна нарасціць экспарт”.

Кабякоў наведаў таксама сельскагаспадарчую вытворчасць „Мазалавагаз” (філіял ВУ „Віцебскгаз”) прадпрыемства „Віцебскаблгаз”. На базе навукова-практычнага цэнтра па вырошчванні племянной жывёлы і вытворчасці малака разгледжаныя пытанні аб інавацыйных тэхналогіях кармлення жывёл, вырошчвання племянной жывёлы і вытворчасці малака, паведамляе прэс-служба ўрада.

belapan.by