Вольга Шарстабітава: Не верым!



Полацкая прадпрымальніца Вольга Шарстабітава распавяла, чаму ў мінулыя выходныя прадпрымальнікі не выйшлі на працу, нягледзячы на заявы чыноўнікаў, што праверак не будзе.

Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі ў І паўгоддзі 2016 года не плануе праводзіць праверкі дзяржаўнага нагляду адпаведнасці прадукцыі лёгкай прамысловасці патрабаванням адпаведнага Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза ў індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП).

Пра гэта заявіў намеснік старшыні Дзяржстандарту Сяргей Іўлеў на нарадзе членаў грамадскага кансультатыўнага савета (ГКС) па актуальных пытаннях работы ІП, якія ажыццяўляюць гандаль таварамі лёгкай прамысловасці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства эканомікі, на базе якога прайшло мерапрыемства.

Вольга Шарстабітава: Мы не працавалі ў выходныя, а сёння ІП-эшнікі ў Наваполацку збяруцца днём ля гарвыканкаму. Нічога ж не змяняецца ў нашай працы, калі глядзець на сітуацыю ўвогуле. Прадпрымальнікі не могуць працаваць па новым указе, каб прадукцыя адпавядала патрабаванням Тэхнічнага рэгламенту.

РР: Але ж чыноўнікі запэўнілі, што праверак у бліжэйшы час не будзе…

Вольга Шарстабітава: Тое, што яны сказалі, не азначае, што праверак насамрэч не будзе. Ды і паабяцалі яны не праводзіць праверкі толькі ў першым паўгоддзі. Але ж праблемы гэта не здымае. Галоўнае, што расейскія пастаўшчыкі не даюць дакументы і не выконваюць умовы. Таму сёння мы проста не верым абяцанням чыноўнікаў.

РР: Што сёння вы прапануеце мясцовым чыноўнікам?

Вольга Шарстабітава: Каб тыя зразумелі, што мы не можам выканаць указ. І, каб даносілі праўдзівую інфармацыю вярхоўнай уладзе. Можа Лукашэнка і праўда не ведае ўсяго і не разумее, чаму стаяць рынкі па ўсёй краіне? Я яшчэ не разумею, чаму бізнес-саюзы не выкарыстоўваць усе магчымасці, каб даносіць праўдзівую інфармацыю. Паўтаруся, мы не працуем не таму, што не хочам працаваць па новых правілах, а таму што гэтыя правілы не пісаныя ў Расеі, дзе ў асноўным бяруць тавар беларускія ІП-эшнікі. Калі ў нас ёсць Тэхнічны рэгламент у адзінай эканамічнай прасторы, то трэба зрабіць роўнымі ўмовы для працы для ўсіх.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svaboda.org