Ядзернае паліва для Беларускай АЭС паступіць у канцы 2017 года



Паліўныя элементы для Беларускай атамнай станцыі будуць дастаўлены ў Астравец у канцы 2017 года, паведаміў 13 красавіка журналістам начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў АЭС Эдуард Свірыд.

Беларуская АЭС

Ядзернае паліва для беларускай станцыі паставіць Расея. Паводле словаў Свірыда, паліўныя элементы для Беларускай АЭС уяўляюць сабой 4,5-метровыя цеплавыдзяляльныя зборкі — камплекты трубак з цырконіевага сплаву, усярэдзіне якіх знаходзяцца ўранавыя таблеткі. У адзін рэактар тыпу „ВВЭР-1200″ загружаецца 163 цеплавыдзяляльныя зборкі, у якіх змяшчаецца ўвогуле звыш 17 млн. уранавых таблетак.

Вага адной уранавай таблеткі складае 5 грамаў. Колькасць цяпла, якое можна атрымаць ад адной такой таблеткі, эквівалентная 350 літрам нафты, 360 кубаметрам прыроднага газу, 400 кілаграмам каменнага вугалю ці 640 кубаметрам драўніны. Свірыд адзначыў, што „калі б гэтыя таблеткі можна было б выкарыстоўваць для ацяплення жылога сядзібнага дома, то двух такіх хапіла б на год”.

Паводле яго слоў, дакладны кошт паліва з’яўляецца камерцыйнай таямніцай кампаніі-пастаўшчыка. Аднак прадстаўнік АЭС расказаў, што кошт адной уранавай таблеткі складае каля 15 еўра. Такім чынам, кошт аднаразовай загрузкі аднаго рэактара складае каля 255 млн. еўра. „Хоць гэта яшчэ далёка не ўся [цана], таму што ёсць яшчэ і вытворчасць, транспарціроўка”, — падкрэсліў ён.

Цеплавыдзяляльныя зборкі разлічаныя на тры-чатыры гады працы ў рэактары. Працоўны патэнцыял паліўных элементаў расходуецца нераўнамерна, таму зборкі своечасова перамяшчаюць адносна цэнтра рэактара. „У цэнтры яны выгараюць хутчэй, з цэнтра іх перамяшчаюць на перыферыю, а тыя, з перыферыі — у цэнтр, потым з перыферыі — у басейн вытрымкі. Гэта перманентны працэс”, — растлумачыў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Беларускай АЭС.

Ён дадаў, што акрамя камплекта са 163 цеплавыдзяляльных зборак на Беларускую АЭС прывязуць яшчэ дзве запасныя загрузкі. „Такім чынам, мы запускаем станцыю, і ў нас ужо ёсць запас паліва на 10-12 гадоў без усялякіх эканамічных і кан’юнктурных пертурбацыяў”, — падсумаваў Свірыд.

belapan.by