Як пералічыць старыя грошы на новыя (інфаграфіка)



Апоўначы 1 ліпеня ў Беларусі дэнамінаваная нацыянальная валюта. Маштаб змяншэння склаў 10.000. Гэта трэцяя дэнамінацыя рубля ў найноўшай гісторыі краіны.

Усяго 1 ліпеня ў абарачэнне ўводзяцца сем наміналаў банкнот: 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў, а таксама восем наміналаў манет: 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, 1 і 2 рублі. Варта адзначыць, што гэтыя шэрагі цалкам адпавядаюць наміналам банкнот і манет еўразоны, а самі купюры падобныя на еўра.

Агульная канцэпцыя дызайну новых банкнот адпавядае дэвізу „Мая краіна — Беларусь”. Кожная банкнота прысвечаная адной з абласцей краіны і Менску. Адпаведнасць вобласці наміналу банкнот вызначаная алфавітам. Малюнак банкноты наміналам 5 рублёў прысвечаны Берасцейскай вобласці, 10 рублёў — Віцебскай, 20 рублёў — Гомельскай, 50 рублёў — Гарадзенскай, 100 рублёў — Менскай, 200 рублёў — Магілёўскай, 500 рублёў — Менску. У дызайне новых банкнот узору 2009 года захаваная пераемнасць адносна банкнотнага шэрагу ўзору 2000 года ў частцы выкарыстання выяваў помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва.

На аверсе (пярэднім баку) разменных манет, што ўводзяцца ў абарачэнне, выяўленыя афіцыйны герб, на рэверсе (адваротным баку) — лічбавыя абазначэнні наміналаў манет.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года банкноты ўзору 2000 года і банкноты і манеты узору 2009 года будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні і з’яўляцца абавязковымі да прыёму пры ажыццяўленні ўсіх відаў плацяжоў усімі суб’ектамі гаспадарання без абмежаванняў.

На працягу наступных пяці гадоў — з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2021 года — будзе праводзіцца абмен грашовых знакаў узору 2000 года на грашовыя знакі ўзору 2009 года ў любой суме без абмежаванняў і без спагнання камісійнага ўзнагароджання.

Рашэнне аб дэнамінацыі рубля было прынятае ўказам прэзідэнта ад 4 лістапада 2015 года № 450.

new_rubles_by

 

by.belapan.by

Фота grodno24.com