Як працуюць цэнтры занятасці з улікам новых тэндэнцый?



У Беларусі павялічваецца колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Па стане на май 2015 года каля 44 тысячаў грамадзянаў сталі на ўлік у цэнтрах занятасці. Гэта — каля 1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва краіны.

Але, на думку экспертаў, сапраўдныя маштабы беспрацоўя ў Беларусі ў некалькі разоў большыя, бо пастаноўка на ўлік у цэнтры занятасці нічым не аблягчае долю беспрацоўных.

Гамяльчук Сяргей Пятроўскі згадвае свой няўдалы вопыт звароту на біржу працы.

– Кожны тыдзень на кампутар прыязджаю, тэлефоны выпісаў – абтэлефаноўваю – усё занята. Прыязджаю адзначацца – тыя самыя тэлефоны табе даюць. Я кажу; “Я па гэтых тэлефонах ужо званіў”. Адказваюць: “Ну, нічога, Вы распішыцеся”. Не ведаю, чаму так атрымліваецца. А там аказваецца, што, калі табе тэлефоны прапаноўваюць, то табе нібыта прапановаюць працу, табе ўжо не плацяць па беспрацоўю – нічога. Я паўгады пабыў на ўліку, прыязджаю адзначацца, а мне кажуць: “Мы вас з уліку здымаем, мы вам працу ўвесь час прапаноўвалі, вы не маглі вызначыцца з ёй. 

Эксперт установы „Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч перакананы, што прыспеў час рэфармавання сістэмы дапамогі беспрацоўным.

– Доўгі час перад цэнтрамі занятасці не было праблемы, каб знайсці нейкае месца працы. Цяпер з улікам новых тэндэнцый, зменай заканадаўства, эканамічнай каньюнктурай – у нас у два разы павялічылася колькасць беспрацоўных. Гэта ў два разы большы цяжар на цэнтры занятасці і меншая колькасць вакансій.

Гомельшчына з’яўляецца найбольш праблемным рэгіёнам Беларусі ў плане беспрацоўя. У сакавіку гэтага году Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прыводзіла статыстыку, згодна з якой каля 7 тысячаў жыхароў вобласці зарэгістраваліся беспрацоўнымі.

Беларускае Радыё Рацыя