Як выглядае супрацоўніцтва Гародні і Беластока



На больш цеснае супрацоўніцва не хапае часу – кажуць ў Беластоку, а ў Гародні запрашаюць да кантакту. Падчас Трэцяга эканамічнага кангрэсу, што праходзіў у Беластоку, прэзідэнт сталіцы Падляшша Тадэвуш Трускаляскі заўважыў, што супрацоўніцтва на афіцыйным роўні з горадам-пабрацімам Гародняй не можа назваць задавальняючым.

– З-за недахопу часу гэтыя кантакты не такія частыя. Мы запрашаем, і да нас прыязджаюць дэлегацыі, мы таксама ездзім у Гародню. Гэта наш бліжэйшы горад-партнёр.

Намесніца старшыні Гарадзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша пераконвае, што беларускі горад адкрыты на супрацы. Паводле яе, усё добра, асабліва ў сферы культуры і адукацыі.

– Абмен дэлегацыямі ў нас адбываецца пастаянна. Падчас “Еўрарэгіёна” беластоцкая дэлегацыя прыязджае ў Гародню, знаёміцца з эканамічнымі магчымасцямі. Там працуе і турыстычная выстава. У плане супрацы першыя крокі заўсёды робіць гуманітарная сфера – гэта культура, адукацыя. Гародня адкрытая да супрацы і вельмі цёпла адносіцца да пабрацімскіх сувязяў.

Беласток і Гародня – гарады-пабрацімы з 1960-га года. У адміністрацыях заяўляюць пра зацікаўленасць ў развіцці культурных, эканамічных і турыстычных стасункаў. Нядаўна Аляксандр Лукашэнка падпісаў ўказ, які дазваляе ўсім замежным турыстам 5 дзён знаходзіцца ў парку «Аўгустоўскі канал» і яго ваколіцах, куды трапляе і Гародня.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота grodnonews.by