Якім чынам з банкаў будуць “здымаць тлушч”?



Эканаміст Барыс Жаліба распавёў, якім чынам будзе выконвацца загад Аляксандра Лукашэнкі зняць з айчынных банкаў “тлушч”:

Барыс Жаліба

Па вялікім рахунку я разумею, чаму банкі патрапілі, як кажуць, пад увагу. На фоне стратных беларускіх прадпрыемстваў, якіх не менш за чвэрць, на фоне астатніх маларэнтабельных прадпрыемстваў банкі маюць нядрэнную рэнтабельнасць і прыбытак. І гэта дысануе з агульнай карцінай. Вось улада і задалася пытаннем: а чаму ж так адбываецца? Чаму банкі не так дрэнна працуюць, як астатнія прадпрыемствы? У такой сітуацыі і атрымліваецца, што банкі ў пэўным сэнсе «наядаюць тлушч». Гэта, дарэчы, не толькі карціна сённяшняга дня: у 90-я гады было нешта падобнае. Тады, на агульным нізкім узроўні заробкаў, банкіры зараблялі досыць добра. І цяпер, калі мы паглядзім на рэйтынг заробкаў, дык фінансавы сектар, разам з IT-ішнікамі, — у лідарах. Таму Лукашэнка і заявіў пра «тлушч» і тое, што яго трэба зняць.

РР: Якім чынам гэта могуць зрабіць?

— Па-першае, могуць увесці нейкія абмежаванні на рост заробкаў банкаўскіх работнікаў. Але, на мой погляд, гэта будзе датычыцца заробкаў у верхніх эшалонах банкіраў. Па-другое, магчыма, прыдумаюць нейкі збор з банкаў. Падатак, як быццам, павялічваць нельга, але ёсць жа нейкі Фонд развіцця, куды звышпрыбытак пералічалі тыя ж нафтаперапрацоўшчыкі. Можа быць, і з банкаў знімуць стружку ды абавяжуць заплаціць нешта ў фонд. Такая вось сацыяльная справядлівасць па-беларуску. Падыход гэты, безумоўна, не рыначны, але такое ў Беларусі заўсёды практыкавалася. Улада паказвае: маўляў, глядзіце, якія мы справядлівыя…

РР: Банкіры, напэўна, не ў захапленні ад такой ініцытывы?

— Безумоўна, але ж хіба для кагосьці гэта навіна? «Тлушч» у нас здымаюць не толькі з банкіраў.

 Гутарыў Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя