Якія рэальныя лічбы беспрацоўя?



Прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў распавядае пра ўзровень беспрацоўя ў краіне.

Па апошніх звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта, фактычны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі за 2016 год склаў 5,8 % ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Такія дадзеныя зроблены па выніках выбарачнага даследвання дамашніх гаспадарак.

Тым часам, колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі, улік якіх вядуць структуры Міністэрства працы і аховы здароўя, на канец студзеня 2017 году склала 0,9% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

Аляксандр Бухвостаў: Тое, што афіцыйны адсотак беспрацоўя раптам павялічыўся, гэтага рэаліі сёняшняга жыцця. Вельмі складана схаваць тое, што ўжо даўно знаходзіцца на паверхні. Яшчэ ў 2014 годзе пачалося рэзкае скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці, а ў 2015-м каля 20 тысяч працоўных былі выведзены з прадпрыемстваў прамысловасці. Працэс працягваўся і не спыніўся да гэтага часу. Росту аб’ёмаў вытворчасці не адбываецца, рынкі для многіх беларускіх прадпрыемстваў і іх прадукцыі звузіліся, а таму паўстала пытанне аптымізацыі, бо заводы нейкім чынам трэба захоўваць. Таму які сэнс замяняць рэальныя лічбы заніжанымі? 

РР: Вы лічыце, што 5,8 % беспрацоўя ад эканамічна актыўнага насельніцтва – гэта цалкам рэальная лічба? Альбо і яна заніжаная?

Аляксандр Бухвостаў: Не выключаю, што насамрэч лічба можа быць і большая. Але зразумела, што тэндэнцыя па росту беспрацоўя будзе працягвацца, бо мы практычна не бачым праекты па стварэнні новых працоўных месцаў. Тым больш, што бізнес і транснацыянальныя карпарацыі да нас асабліва не ідуць. Такія вось яны – асаблівасці беларускай эканомікі.

РР: Але ж напрыканцы мінулага году урад адрапартаваў, што за 2016 год у краіне створана 50 тысяч новых працоўных месцаў…

Аляксандр Бухвостаў: Гледзячы якія працоўныя месцы яны стварылі. Можна даць чалавеку рыдлёўку ў рукі і сказаць, што разам з ёй далі і працоўнае месца. Але рэальнае працоўнае месца павінна быць з заробкам, які выходзіць на пэўны ўзровень. Сёння, напрыклад, беларускае кіраўніцтва пастаянна нагадвае пра неабходнасць забяспечыць у гэтым годзе па краіне сярэдні заробак у 500 даляраў. Дык дайце людзям працу з такім заробкам. І гэта будзе рэальнае працоўнае месца. Але, пакуль эканоміка знаходзіцца ў крызісе, не бачу ніякіх светлых перспектыў у гэтым накірунку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя