З кожнага па нітцы – голаму кашуля



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму дзяржава “скубе” беларускія прадпрыемствы.

Барыс Жаліба

Урад Беларусі ўдакладніў пералік высокарэнтабельных арганізацый, якія будуць пералічваць у дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця частку прыбытку (даходу) па выніках працы за 2015 год.

У зацверджаны раней пералік уваходзілі 29 прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ „Беларуськалій”, ААТ „МАПІД”, „Мінскпраект”, „Белтэлекам”, ААТ „Экзон”, „Мінскінтэркапс”, „Белдзяржстрах”, „Белэксімгарант”, „Белзнешпрамсэрвіс” і іншыя.

Барыс Жаліба: Гэта не рыначная практыка, калі дзяржава забірае грошы ў высокарэнтабельных прадпрыемстваў. Такое своеасаблівае беларускае ноу-хау, хаця ў той жа Расеі таксама маецца практыка, калі прадпрыемствы пералічваюць грошы ў Фонд нацыянальнага развіцця. У Беларусі грошы аддаюць нафтаперапрацоўшчыкі, “Беларуськалій” і іншыя. Калі б быў элемент пераразмеркавання, тады быў бы сэнс, але, як мне падаецца, грошы прадпрыемстваў проста ідуць у бюджэт, якія сёння “дзіравы”. Бюджэтныя выдаткі наогул хочуць скараціць на 7 адсоткаў. Таму, як кажуць, з кожнага па нітцы – голаму кашуля. Але рэнтабельных прадпрыемстваў у нас вельмі мала. Вялікі адсотак такіх, якія маюць рэнтабельнасць наогул менш за 5 алсоткаў. З гэтых і ўзяць няма чаго.

РР: Можа быць, лепш гэтыя грошы пайшлі б на развіццё вытворчасці саміх прадпрыемстваў?

Барыс Жаліба: Безумоўна, але гэта, калі мы кажам пра рыначныя стандарты. Прадпрыемствы наогул павінны быць на самаакупляльнасці і самафінансаванні. І частка грошай заўсёды павінна вызначацца на ўласнае развіццё. Самі прадпрыемствы, дарэчы, таксама не зацікаўлены аддаваць грошы, але ж у нас іншая пабудова эканомікі. Атрымліваецца, хто лепш працуе, той больш павінен і аддаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя