З-за беларускай малочнай прадукцыі расейцы губляюць збыт



Малакаперапрацоўчая галіна Расеі сутыкнулася з запаволеннем, а па некаторых таварных пазіцыях і са скарачэннем вытворчасці ў сувязі з ростам паставак на ўнутраны рынак беларускай малочнай прадукцыі. Такая выснова прыводзіцца ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год і на планавы перыяд да 2019 года, які апублікавала Мінэканамразвіцця Расеі.

Паводле даных расейскага міністэрства, на малочным рынку Расеі „азначылася магчымасць замяшчэння імпартнай прадукцыі ў перыяд дзеяння контрсанкцый (у дачыненні да кампаній з заходніх краін. — БелаПАН.) не змагла пераламаць тэндэнцыю стагнацыі ў вытворчасці сырога малака”.

Як следства, гаворыцца ў прагнозе Мінэканамразвіцця, „галіна перапрацоўкі малака апынулася ва ўмовах дэфіцыту сыравіны на фоне росту больш танных аб’ёмаў імпарту беларускай прадукцыі, што ў выніку прывяло да запаволення, а па некаторых пазіцыях — да падзення вытворчасці”.

Нагадаем, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў 17 лістапада заявіў, што Расея спецыяльнага абмяжоўвае пастаўкі больш якасных беларускіх харчовых тавараў на ўнутраны рынак, каб яны не ўступалі ў канкурэнцыю з расійскай прадукцыяй.

„Калі вашы з намі не могуць канкурыраваць па якасці, ды яшчэ і па цане, тады ідуць ва ўрад, пачынаюць скардзіцца, што Лукашэнка не ў час і не туды паставіў. І „фас” Расспажыўнагляд — тыя ўжо шукаюць нейкія прычыны для абмежавання паставак беларускай прадукцыі на расійскі рынак”, — заявіў Лукашэнка.

Між тым праз тыдзень, 24 лістапада, Рассельгаснагляд, які ажыццяўляе кантроль за якасцю харчовых тавараў на спажывецкім рынку Расіі, апублікаваў новыя прэтэнзіі ў адрас беларускіх вытворцаў малочнай прадукцыі. Праверкі узораў пітнога малака 17 беларускіх прадпрыемстваў, паведаміў Рассельгаснагляд, паказалі, што з 76 пробаў 33 апынуліся фальсіфікаваныя дадаваннем сухога малака.

„Гэта нас, прызнацца, моцна здзівіла, бо ў Беларусі даволі нармальнага сырога малака, і навошта яго псаваць — незразумела. Такія вынікі кажуць, што асноўнай прычынай фальсіфікацыі з’яўляецца сквапнасць малакаперапрацоўшчыкаў у спалучэнні з тым, што за гэтым параметрам да гэтага часу ў Расеі не было рэгулярнага назірання”, — падкрэслівалася ў паведамленні, якое Рассельгаснагляд апублікаваў на мінулым тыдні.

belapan.by