З-за недапастаўкі расейскай нафты чакаецца зніжэнне ВУП да 3%



Мінэканомікі прагназуе зніжэнне ВУП у Беларусі да 3% у 2016 годзе з-за недапаставак расейскай нафты, паведаміў журналістам 29 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.

„Не ўсе спрагназаваныя макраэканамічныя паказчыкі будуць выкананыя з-за розных прычын — знешніх і ўнутраных фактараў. Недахоп нафтавай сыравіны для перапрацоўкі прывёў да таго, што мы губляем паказчык ВУП. Паводле нашых ацэнак, ён павінен быў скласці 98% (мінус два працэнты да мінулага года. — БелаПАН.) — гэты прагноз не спраўдзіцца з-за таго, што няма канчатковага рашэння аб куплі нафты ў Расейскай Федэрацыі”, — заявіў міністр.

Паводле яго слоў, рэальнае зніжэнне ВУП у бягучым годзе можа скласці ад 2,6 да 3%.

„Паколькі нафта і нафтапрадукты маюць значную вагу ў ВУП, у аб’ёме мытных пошлін — вось такі прагноз”, — дадаў Зіноўскі.

Міністр заявіў, што гэты прагноз будуецца на чыста прагматычных разліках, паколькі Міністэрства эканомікі „не адносіцца да ведамствам „адгадай”.

Пры гэтым чыноўнік выказаў упэўненасць у тым, што макраэканамічная стабілізацыя ў краіне захаваецца і па выніках года ўдасца стрымаць інфляцыю ў рамках запланаваных 12%. Зіноўскі таксама падкрэсліў, што яго радуюць поспехі ў сферы машынабудавання, дзе на сёння зафіксаваны самы нізкі за апошнія гады ўзровень складскіх запасаў, а таксама тое, што „нядрэнна развіваецца сельская гаспадарка”.

Адказваючы на пытанне, ці плануецца афіцыйна пераглядаць прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучы і наступны гады, міністр сказаў: „Мы не будзем пераглядаць прагноз на наступны год нават пры абмежаваных пастаўках нафты”. Пры гэтым чыноўнік падкрэсліў, што ў выпадку недахопу расейскай сыравіны для беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў урад будзе шукаць магчымыя закупкі нафты ў іншых краінах.

Менск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні кошту расейскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 года Расея, паводле дамоўленасцяў, павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты за год аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя, спачатку да 3,5 млн тон за квартал, а з кастрычніка — ужо да 3 млн тон. Гэта стала адказам на запазычанасць па пастаўках расейскага газу ў 281 млн долараў. 19 кастрычніка старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур заявіў пра наяўнасць сродкаў для разлікаў за газ, а 21 кастрычніка міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык сцвярджаў, што грошы за газ „сёння пералічваем”. Аднак гэтага не адбылося.

belapan.by