За год колькасць занятых у эканоміцы Беларусі знізілася амаль на 84 тысячы



У эканоміцы Беларусі ў жніўні 2016 года было занята 4 млн 396 тыс. чалавек. Паводле звестак Белстата, гэта амаль на 84 тыс. менш, чым годам раней.

 

Згодна са звесткамі Нацыянальнага статычнага камітэта, у жніўні 2015 года ў эканоміцы было занята 4 млн 479,9 тыс. чалавек. Такім чынам, за год колькасць занятых знізілася на 1,9%, або на 83,9 тыс. чалавек.

Між тым, паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец жніўня 2016 года склала 42,6 тыс. чалавек (на канец жніўня 2015 года — 45,9 тыс.). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец жніўня, як і на такую ж леташнюю дату, склаў 1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

У чарговым выпуску аналітычнага агляду „Эканамічныя тэндэнцыі ў Беларусі”, падрыхтаваным цэнтрам сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus, адзначаецца, што ўзровень занятасці насельніцтва ў Беларусі знізіўся да самай нізкай за апошнія 12 гадоў адзнакі. Як заўважаюць даследчыкі, на працягу двух мінулых кварталаў колькасць занятага насельніцтва ў краіне „зніжалася нябачанымі тэмпамі”. У абсалютных лічбах штоквартальныя страты складалі 40 тысяч занятых. Такім чынам, за першае паўгоддзе занятых у эканоміцы стала менш на 80 тысяч.

„Гэта рэкорднае зніжэнне занятасці за апошнія гады за такі кароткі прамежак часу. Пры гэтым колькасць беспрацоўных павялічылася за першае паўгоддзе толькі на 4 тысячы чалавек, што склала 5% ад колькасці занятых у эканоміцы, якая скарацілася”, — адзначаюць у CASE Belarus.

Паводле падлікаў даследчыкаў, у выніку ўзровень занятасці ў другім квартале ўпаў да беспрэцэдэнтна нізкай адзнакі ў 4,402 млн чалавек. Раней гістарычны мінімум узроўню занятасці быў зафіксаваны ў чацвёртым квартале 2004 года — 4,420 млн.

„Такім чынам, заваёвы пяцігодкі 2006—2010 гадоў, якая ўвайшла ў гісторыю як пяцігодка высокіх тэмпаў росту ВУП і занятасці, цалкам страчаныя. І гэта без уліку пастаяннай з 2012 года змены метадалогіі уліку працоўных рэсурсаў, дзякуючы якой занятасць пастаянна папаўнялася на пару дзzсяткаў тысяч — апошнім разам, напрыклад, „даўлічылі” рамеснікаў”, — падкрэсліваюць аўтары агляду.

belapan.by

Фота tut.by