За крок ад банкруцтва



Бярозаўскі завод па вырабе каркасаў тралейбусаў для “Белкамунмаша”, ацяпляльных катлоў і вентылятараў зноў знаходзіцца на стадыі банкруцтва. Першы раз у такім крытычным стане ён быў у 2009 годзе. З заменай  кіраўніцтва  нейкі час ён трымаўся на плыву. Але сур’ёзных крокаў у кірунку выратавання прадпрыемства не было зроблена. У 2015 на заводзе з’явіўся новы кіраўнік Мікалай Мурашка, на якога ў рабочых былі  новыя спадзяванні, але марна. Кажа адзін са старэйшых работнікаў „Цеплапрыбора”:

Спачатку я думаў, што, калі ён прыйдзе, уся вярхушка будзе знята. Але гэтага не адбылося. І вось гляджу далей, як ідзе працэс аднаўлення вытворчасці – ніхто намі не зацікаўлены. І так ужо паўгода. У лютым будзе другі суд. Але з прычыны, што нічога не змянілася, падоўжаць яшчэ на тры месяцы. Але як доўга гэта будзе цягнуцца – невядома. З боку кіраўніка – ніякіх дзеянняў: ні размоў, ні сустрэч. І да людзей ён не выходзіць.

Адзіны быў выхад для выратавання – інвестыцыі і перапрафіляванне прадпрыемства на патрэбны і канкурэнтназдольны тавар, лічыць вопытны спецыяліст. Але гэтага  не адбылося ні ў 2009, ні ў 2015 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза