За перавоз незадэклараванага алкаголю праз мяжу могуць канфіскаваць аўто



З уступленнем у сілу Дэкрэта №5 «Аб перамяшчэнні, захоўванні і продажы фізічнымі асобамі алкагольных напояў» стала больш жорсткай адміністрацыйная адказнасць за паўторнае перамяшчэнне грамадзянамі праз мяжу больш за 5 літраў алкагольных напояў, не маркiраваных акцызнымі маркамі Беларусі, папярэдзілі на Берасцейскай мытні. У прыватнасці, за паўторнае парушэнне будуць канфіскоўваць аўтамабіль.

«За кожнае падобнае правапарушэнне ў дачыненні да аднаго грамадзяніна ў адпаведнасці з часткай 2 артыкула 12.27 КаАП быў прадугледжаны штраф ад 10 да 100 базавых велічынь і канфіскацыя тавараў, – нагадалі ў прэс-службе рэгіянальнай мытнай службы. – З улікам змены ў заканадаўстве, цяпер пры паўторным здзяйсненні правапарушэння на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання прадугледжана накладанне штрафу ад 20 да 100 б. в. з канфіскацыяй тавару і транспартнага сродку, выкарыстанага для перамяшчэння алкагольных напояў ».

З пачатку года толькі Берасцейскай мытняй выяўлена 360 спробаў грамадзян па незаконным перамяшчэнні праз мяжу алкагольнай прадукцыі. На мінулым тыдні спынены ўвоз з-за мяжы двух буйных партый алкаголю ў пункце пропуску „Казловічы”. У двух грузавых аўтацягніках, якія рухаліся ў Таджыкістан, сярод заяўленага ў дакументах прамысловага абсталявання выяўлена 468 бутэлек рознай алкагольнай прадукцыі агульным коштам звыш 10 тысяч рублёў.

onliner.by

Фота abw.by