За студзень-ліпень інфляцыя ў Беларусі склала 7,8%



Індэкс цэн на тавары і паслугі ў ліпені 2016 года ў параўнанні з чэрвенем вырас на 0,4%, са снежнем 2015 года — на 7,8%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.Базавы індэкс спажывецкіх цэн, які выключае змяненне цэн на асобныя тавары і паслугі, што рэгулююцца адміністрацыйна або маюць сезонныя ваганні, у ліпені вырас у параўнанні з чэрвенем на 0,6%, са снежнем 2015 года — на 6,7%.

Цэны на харчовыя тавары ў ліпені ў параўнанні з чэрвенем выраслі ў сярэднім на 0,2%, нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,7%, паслугі — на 0,2%. У дачыненні да снежня 2015 года гэтыя паказчыкі выраслі на 5,8%, 6,2% і 15,2% адпаведна.

Прагноз інфляцыі на 2016 год складае не больш за 12%. Прадстаўляючы 5 красавіка ў парламенце праграму дзейнасці ўрада на пяць гадоў, прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў: існуюць „магчымасці для таго, каб параметры інфляцыі за 2016 год ўпісаліся ў 12-працэнтны рубеж”. „Вядома, калі не паднясуць сюрпрызы знешнія фактары — не будзе катаклізмаў з коштам нафты, курсам расійскага рубля, з вымушанай дэвальвацыяй беларускага рубля, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць нашых тавараў, перш за ўсё на расійскім рынку. Гэта запатрабуе карэкцыі. Але цяпер мы не бачым неабходнасці нешта мяняць у нашых планах па гэтым параметры”, — заявіў прэм’ер-міністр. На пашыраным пасяджэнні ўрада 9 жніўня Кабякоў звярнуў увагу і на зніжэнне інфляцыі. „Штомесяц пачынаючы з сакавіка запавольваецца інфляцыя. Другі месяц запар месячная інфляцыя знаходзіцца на ўзроўні 0,4%”, — адзначыў кіраўнік урада.Згодна з нядаўнім прагнозам ЕАБР, гадавая інфляцыя ў Беларусі складзе 12,6%.

Да 2020 года ўрад плануе знізіць інфляцыю да 5%.

Марына Носава, БелаПАН.