Загрузіць ядзернае паліва плануецца ў І квартале 2019 года



Першае паліва для Беларускай АЭС, як чакаецца, даставяць з Расеі ў канцы 2018 года, а загрузіць яго ў рэактар першага энергаблока папярэдне плануецца ў першым квартале 2019 года, паведаміў журналістам у час прэс-тура на будоўлю ядзернага аб’екта галоўны інжынер БелАЭС Анатоль Бондар.

Паводле яго слоў, працэс загрузкі паліўных элементаў у актыўную зону рэактара займае 10—15 дзён.

На прэс-канферэнцыі пасля заканчэння агляду будпляцоўкі Бондар удакладніў, што пасля поўнай загрузкі паліва рэактар выводзіцца на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасці, пры якім „яшчэ не патрабуецца адвод цяпла з актыўнай зоны, але ўсе нейтронна-фізічныя характарыстыкі, уключаючы асноўныя эфекты рэактыўнасці, вымяраюцца”. Пасля гэтага фізічны пуск рэактара пераходзіць у пуск энергетычны — магутнасць энергаблока паэтапна павышаецца да намінальнай, турбінная ўстаноўка запускаецца на адзнацы 40-45% усталяванай магутнасці.

З усімі прамежкавымі этапамі энергапуск рэактара займае чатыры-пяць месяцаў, у крайнім выпадку паўгода, сказаў Бондар. Практычна кожны этап пуску дырэкцыя БелАЭС будзе ўзгадняць з нацыянальным рэгулятарам у галіне ядзернай бяспекі — Дзяржатамнаглядам.

Паліўныя элементы для БелАЭС уяўляюць сабой цеплавыдзяляльныя зборкі даўжынёй 4,5 метра — камплекты трубак з цырконіевага сплаву, усярэдзіне якіх знаходзяцца ўранавыя таблеткі. У адзін рэактар тыпу ВВЭР-1200 загружаюцца 163 цеплавыдзяляльныя зборкі, у якіх змяшчаецца звыш 17 млн уранавых таблетак масай пяць грамаў кожная.

Цеплавыдзяляльныя зборкі разлічаны на тры-чатыры гады працы ў рэактары. У цэнтры рэактара паліва выгарае хутчэй, таму перыядычна цэнтральныя зборкі перамяшчаюць на перыферыю ўстаноўкі і наадварот. Адпрацаваныя паліўныя элементы выгружаюць у басейн вытрымкі для астуджэння.

Акрамя камплекта цеплавыдзяляльных зборак для першага энергаблока Расія павінна паставіць яшчэ дзве запасныя загрузкі.

belapan.by