На 7,6% вырасла запазычанасць прадпрыемстваў за энергарэсурсы



Запазычанасць спажыўцоў за энергарэсурсы склала па стане на 1 красавіка 934,4 млн рублёў, паведамляе Міністэрства энергетыкі.

У першым квартале спажыўцам было адпушчана электрычнай і цеплавой энергіі на суму 2.313,2 млн рублёў, узровень аплаты склаў 97,1%. Запазычанасць спажыўцоў за пастаўленую ім энергію (з улікам раней назапашаных даўгоў) склала 934,4 млн рублёў і павялічылася за студзень—сакавік на 7,6%. На пачатак года даўгі спажыўцоў за энергарэсурсы складалі 868 млн рублёў.

„Шэраг арганізацый не забяспечылі ў першым квартале поўную аплату адпушчанай ім энергіі. Узровень аплаты склаў: па арганізацыях Мінпрама — 99,5%, Мінбудархітэктуры — 85,7%, Мінсельгасхарча — 98,5%, канцэрнаў „Беллегпрам” — 96,5% і „Белдзяржхарчпрам” — 99,3%, Белкаапсаюза — 98,9%”, — гаворыцца ў паведамленні Мінэнерга.

Варта адзначыць, што ў сакавіку 2017 года спажыўцам Беларусі было адпушчана электрычнай і цеплавой энергіі на суму 721,4 млн рублёў, узровень аплаты (з улікам пагашэння раней утворанай запазычанасці) склаў 100,5%. За сакавік запазычанасць спажыўцоў за энергарэсурсы скарацілася на 4 млн рублёў.

Тэма несвоечасовай аплаты карпаратыўным сектарам электрычнай і цеплавой энергіі падымалася ў лютым гэтага года ў час калегіі Мінэнерга. Міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык там заявіў, што арганізацыям, якія адпускаюць энергарэсурсы, даводзіцца браць крэдыты для разлікаў з „Газпрамам” з-за неплацяжоў канчатковых спажыўцоў.

„Неплацяжы спажыўцоў уяўляюць сабой таварны крэдыт. Каб не зрываць разлікі з ААТ „Газпрам трансгаз Беларусь”, газа- і энергазабеспячальныя арганізацыі самі вымушаныя прыцягваць пазыковыя рэсурсы і несці дадатковыя выдаткі па іх абслугоўванні”, — канстатаваў Патупчык.

Ён адзначыў, што ў першыя месяцы 2017 года сітуацыя з плацяжамі за энергарэсурсы працягвала пагаршацца і ў выпадку захавання гэтай дынамікі магчымы зрыў разлікаў за імпарт у рэспубліку газу.

Запазычанасць карпаратыўнага сектара за энергарэсурсы хуткімі тэмпамі стала ў Беларусі расці з 2015 года. За пазамінулы год даўгі прадпрыемстваў за спажытую цеплавую і электрычную энергію павялічыліся ў 3,6 разу, за 2016 год — больш чым у 1,7 разу.

Як паведамлялася раней, пытанне аб своечасовай аплаце прадпрыемствамі спажытых энергарэсурсаў неаднаразова разглядалася ў 2016 годзе ва ўрадзе. Улічваючы складанае фінансавае становішча шэрагу прадпрыемстваў, Міністэрства энергетыкі прапаноўвала зафіксаваць запазычанасць неплацельшчыкаў на пэўную дату, а не пералічваць яе з улікам пені.

belapan.by