Заплаці – і спі спакойна



Цягам года Гарадзенская абласная падатковая інспекцыя прыцягнула да адказнасці амаль дзьве тысячы беспрацоўных жыхароў рэгіёна – перадусім уладальнікаў дарагіх самаходаў і  нерухомасці. Прымусовае дэклараванне прыбыткаў стала падставай штрафных санкцый, у выніку чаго дзяржаўны бюджэт папоўніўся на суму, якая перавышае 325 тысяч даляраў.

Як зазначае старшыня абласной падатковай інспекцыі Лідзія Сямашка, большасць жыхароў Прынёмання прыцягваецца да адказнасці за незарэгістраваную прадпрымальніцкую дзейнасць:

– Паступала вельмі шмат скаргаў у падатковыя органы – ці правільна ўжытыя меры адказнасці. І гэтыя пытанні ўзнікаюць увесь час. Я б хацела звярнуць увагу грамадзян на тое, што лепш заплаціць і спаць спакойна, чым пасля плаціць адзіны падатак у  пяціразовым памеры, а яшчэ несці адміністрацыйную адказнасць.  

Гарадзенская абласная падатковая інспекцыя ў мінулым годзе на падставе праведзеных планавых і пазапланавых праверак, а таксама іншых дзеянняў кантралюючага характару, накіравала ў бюджэт сродкі, памер якіх складае трыццаць мільёнаў даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: grodnonews.by