Знешнеэканамічная дзейнасць Гарадзеншчыны пагаршаецца



На Гарадзеншчыне за 11 месяцаў  мінулага году на чвэрць знізіўся баланс знешняга гандлю з краінамі блізкага і далёкага замежжа. Зменшыліся паказчыкі як імпарту, так і экспарту – перадусім прадуктаў харчавання ў Расею.

Як зазначае старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, знешнеэканамічная дзейнасць рэгіёна мае вялікі патэнцыял, які, на жаль, не атрымалася рэалізаваць:

– Відавочна маглі вырабіць больш, прадаць больш і атрымаць прыбытку больш. Канешне, тыя грандыёзныя лічбы па экспарту не выканалі. Гэта сёння адзін з важнейшых параметраў нашага развіцця, нашай дзейнасці.  Для нас гэта вельмі важна. Мы павінны прысутнічаць на ўсіх знешніх рынках і прадаваць усё, што мы тут прадукуем.

У Гарадзенскай вобласці станоўчае сальда знешняга гандлю склалася з краінамі Саюза незалежных дзяржаваў і Еўразійскага эканамічнага саюза. У той час, як з краінамі Заходняй Еўропы сальда адмоўнае і перавышае 350 мільёнаў даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя