Знешнія рынкі ўсё менш цікавяцца беларускай прадукцыяй



Сур’ёзныя праблемы з беларускім экспартам. “Ёсць праблемы з прасоўваннем некаторых відаў беларускай прадукцыі на знешніх рынках”, – пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

1370792749_lol54.ru_001

Фота charter97.org (складскія запасы трактароў, ілюстратыўнае фота)

Уладзімір Макей выступіў на штогадовым семінары кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў пад назвай “Асноўныя напрамкі дзейнасці беларускіх замежных устаноў у сучасных умовах”:

У знешнеэканамічнай дзейнасці вынік аказаўся меней пазітыўным, хоць па гэтым кірунку ёсць пэўныя задзелы… Давайце паспрабуем глянуць на сітуацыю па-новаму, паспрабуем пераасэнсаваць і разам выпрацаваць новы рэцэпт павышэння ўстойлівасці нашых пазіцый на традыцыйных рынках і ў асваенні новых.

З прасоўваннем якіх відаў прадукцыі на знешнія рынкі Беларусь мае найбольшыя праблемы? Мы спыталі ў эканаміста Леаніда Злотнікава:

zlotnikau

Гэта найперш прадукцыя нашага машынабудавання. Гэта раней была спецыялізацыя Беларусі: нашыя трактары, камбайны, аўтамабілі, пагрузчыкі, самазвалы, МАЗ, БелАЗ і так далей. Нашыя БелАЗы цяпер вельмі дрэнна ідуць, апошнім часам іх продажы скараціліся ў тым ліку ў Расеі і вельмі значна: за апошнія два гады на дзясяткі працэнтаў. Гэта таксама і прадукцыя арганічнай хіміі, валокна і ніці.

Да гэтага спісу таксама можна дадаць айчынныя тэлевізары або халадзільнікі.

Сярод прычынаў праблемаў з экспартам названай прадукцыі – неканкурэнтаздольнасць і страта расейскага рынку – тлумачыць іншы беларускі эканаміст Леў Марголін:

931D3971-6ACB-4B44-AF80-61F48FBA9E04_w987_r1_s

Экспарт беларускіх МАЗ-аў скарачаецца не толькі ў абсалютным велічэнні, але і доля беларускіх машын таксама скарачаецца. Гэта значыць, што там ужо не толькі расейскі крызіс працуе, але і тое, што канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі ўсё ж змяншаецца. І тут Макею можна толькі паспачуваць.

Неканкурэнтаздольнасць пры гэтым выяўляецца і цане, і ў якасці. “А неэфектыўная вытворчасць і сістэма – вось пачатак праблемы”, – дадае Леанід Злотнікаў:

Гэта камандная эканоміка, гэта неэфектыўнае ўпраўленне, гэта адсутнасць рынку і рыначных цэнаў. Большасць прадукцыі – гэта вытворчасць дзяржаўнага сектару, які вырабляе прыкладна 70% ВУП. Стастыстыка, канешне, дае крыху іншыя рэчы. Нашыя сельская гаспадарка – гэта тыя ж самыя калгасы і саўгасы, хоць яны цяпер і называюцца іначай, але яны абсалютна неэфектыўныя. Так што вынікі агульнай неэфектыўнасці сістэмы.

Вяртаючыся да выступу Уладзіміра Макея. У справе вырашэння пытання з прасоўваннем беларускай прадукцыі ён прапануе больш актыўна заняцца гэтым у рэгіёнах.

„Менавіта рэгіёны могуць і павінны стаць рэзервам нашага росту. Як паказвае практыка, дыверсіфікацыя і пашырэнне кантактаў на ўзроўні рэгіёнаў дазваляюць дамагчыся нарошчвання экспарту і прыцягнення інвестыцый”, — сказаў ён. Ці апраўдае сябе такое перакладанне вырашэння праблемы на рэгіёны? Каментуе Леў Марголін:

На мой погляд, гэта не спроба перакінуць праблему, гэта спроба перакінуць адказнасць. Лукашэнка не аднойчы казаў, што кожны амбасадар нашай краіны за мяжой павінен найперш займаецца экспартам, і яны гэтым займаліся. Але цяпер Макей як кіраўнік гэтых амбасадараў бачыць, што ніякага плёну гэта не дае. Таму і хоча перакінуць адказнасць на некага іншага, у гэтым выпадку – на мясцовую ўладу.

У сваю чаргу Леанід Злотнікаў заўважае, што практыка перакідвання праблемаў і адказнасці на рэгіёны – зусім не новая, і практыкуюецца ўжо даўно. Яшчэ Міхаіл Мясніковіч, стаўшы прэм’ер-міністрам у 2010 годзе, увёў валавы рэгіянальны прадукт – прыгадвае эканаміст. “І пачалі душыць рэгіёны гэтым прадуктам”.

Абодва эксперты зыходзяцца ў меркаванні: без сістэмных зменаў і рэформаў не будзе ніякіх іншых зменаў, у тым ліку не зможа паляпшацца сітуацыя з экспартам беларускай прадукцыі.

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя