Зняццё санкцый не прынясе тэрміновых эканамічных выгодаў



Зняццё санкцый у адносінах да Беларусі, пра што заявіў Еўразвяз, не прынясе беларускай эканоміцы нейкіх тэрміновых выгодаў, – выказвае сваё меркаванне эканаміст Аляксандр Сінкевіч. – Па-просту ў беларускіх прадпрыемстваў з’явіцца магчымасць працаваць з заходнімі інвестарамі.

– Пэўныя чаканні могуць і апраўдацца, але не так хутка. Акрамя непасрэднага зняцця санкцый з некаторых прадпрыемстваў, але гэта не такая вялікая выгода. Чакаецца проста паляпшэнне адносінаў інвестараў і крэдытных устаноў міжнароднага класа да Беларусі. То бок будзе палепшана працэдура атрымання крэдытаў, магчыма ад еўрапейскіх банкаў, і гэта стане пэўным сігналам для інвестараў не толькі з Еўропы, але і з усяго свету, што з Беларуссю працаваць можна.

Нагадаем, у панядзелак Еўрапейскі звяз адмяніў вялікую частку санкцый у дачыненні да Беларусі. У сіле засталося толькі эмбарга на пастаўку зброі і санкцыі ў дачыненні да чатырох чалавек, якіх у Еўразвяз падазраюць у дачыненні да гучных знікненняў 1999-2000 гадоў у Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя