11 гадоў пазбаўлення волі за хабар у 760 тыс. долараў



У судзе Фрунзенскага раёна Менска 28 сакавіка вынесены прысуд па справе былога дырэктара СЗАТ „Магілёўскі вагонабудаўнічы завод”, які атрымаў у якасці хабару 759 тыс. долараў, і камерсанта, які даў хабар.

Як паведаміла БелаПАН старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Вераніка Пасмецьева, былы дырэктар прадпрыемства за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК), падбухторванне да давання хабару (ч. 2 арт. 431 КК) і махлярства ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК) прыгавораны да 11 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады тэрмінам на пяць гадоў. Другі фігурант справы асуджаны на пяць гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Паводле слоў Пасмецьевай, у 2013 годзе ва ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі ГУУС Менгарвыканкама паступіла аператыўная інфармацыя аб тым, што дырэктар завода неаднаразова вымагаў ў прадстаўніка камерцыйнай структуры 936 тыс. долараў ЗША — 10% ад сумы кантракта, заключанага з кітайскай кампаніяй і заводам на пастаўку вагонкамплектаў (бэлек надрысорных і бакавых рам), а таксама за своечасовую аплату тавару.

Пасля станоўчага вырашэння названага пытання экс-кіраўнік, дзейнічаючы выключна з асабістай зацікаўленасці і ў інтарэсах давальніка хабару, атрымаў 759.200 долараў ЗША ад прадстаўніка камерцыйнай структуры, аднак узятыя на сябе абавязацельствы па кантракце не выканаў.

Акрамя таго, пазней аператыўнікі ўстанавілі, што, ужо не з’яўляючыся кіраўніком завода, абвінавачаны падбухторваў да давання хабару ў 1,5 млн долараў ЗША іншага прадстаўніка замежнай кампаніі, пераканаўшы яго ў магчымасці вырашэння пытання аб пагашэнні запазычанасці СЗАТ „МВЗ” перад кітайскай кампаніяй у суме амаль 10,5 млн долараў ЗША за пастаўленыя камплектавальныя па кантракце.

Свой злачынны намер экс-кіраўнік не давёў да канца з-за незалежных ад яго абставінаў — быў затрыманы за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры і падбухторванне да давання хабару.

За даванне хабару экс-кіраўніку быў таксама затрыманы прадстаўнік камерцыйнай структуры, які дзейнічаў у інтарэсах кітайскай кампаніі.

Магілёўскі вагонабудаўнічы завод уваходзіць у „БелАЗ-холдынг”, якім запазычанасць (10.452.960 долараў ЗША) перад кітайскай кампаніяй не пагашаная.

Судом Фрунзенскага раёна Менска вынесенае прыватнае вызначэнне аб адсутнасці належнага кантролю на БелАЗе, якое будзе накіраванае ў Міністэрства прамысловасці.

Прысуд ў законную сілу не ўвайшоў і можа быць абскарджаны.

БелаПАН