15 год закрыцця „Пагоні”



Гарадзенская газета „Пагоня” была закрыта згодна рашэнню суддзі Вышэйшага Гаспадарчага суду РБ Валерыя Жандарава 12 лістапада 2001 году. Газета паспела праіснаваць у Гародні амаль 10 год і за гэты час яе карэспандэнтамі  былі вядомыя ў Беларусі журналісты і грамадскія дзеячы: Сяргей Астраўцоў і Юры Гуменюк, Зміцер Кісель і Уладзімір Хільмановіч, Вітаўт Руднік і Сяргей Сноп, Ігар Банцар і Юлія Дарашкевіч.

Пра газету „Пагоню” ўзгадвае Павел Мажэйка:

– З “Пагоняй” супрацоўнічаць, па-першае, было велізарнае шчасце. Па-другое, гонар. Па-трэцяе, тое, што я, напрыклад, адчуваў, што далучаюся да спрыянняў, да дапамогі незалежнай Беларусі і беларушчыне і, самае важнае, беларускай мове, таму што напраўду ў “Пагоню” не ішлі працаваць дзеля ганарараў, дзеля імя і г.д. Проста, гэта адзін з галоўных сімвалаў пакалення, якое сталела ў 90-ыя гады.

pah4

Газета выходзіла ў горадзе  раз на тыдзень накладам ад 10 да 15 тысяч асобнікаў. Журналіст “Пагоні” Павел Мажэйка і яе галоўны рэдактар Мікола Маркевіч былі асуджаны за «паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з абвінавачаннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў». Пасля закрыцця газеты яна яшчэ цягам некалькі год існавала ў выглядзе інтэрнэт-старонкі.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя