16 год таму была створана Віцебская каталіцкая дыяцэзія (абноўлена)



Больш за сто святароў і манахінь Віцебскай дыяцэзіі з’ехалася ў Шуміліна  ў гадавіну ўтварэння дыяцэзіі. Сустрэча прайшла ў касцёле Маці Божай Фацімскай. Святую Імшу цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч, на якой было закранута пытанне святарскага цэлібату.

shumilina_5

Пасля імшы адбылося паседжанне Рады, дзе разглядаліся надзённыя пытанні, з якімі сутыкаюцца святары ў дыяцэзіі.

Па словах біскупа Алега Буткевіча, галоўнае, што ў апошні час было здзейснена ў дыяцэзіі – гэта сацыяльнае забеспячэнне святароў праз іх працаўладкаванне.

– За два гады не скажу, што зроблена зашмат, але пэўныя пытанні і пэўныя справы, сапраўды, калі яшчэ і не вырашаныя да канца, то ўжо набіраюць абароты. Бачу сваю задачу ў тым, каб дастаткова было сваіх святароў, якія б маглі  працаваць у касцёле. Шматлікія справы, звязаныя з утрыманнем, рэканструкцыяй і дабудовай касцёлаў і святыняў, і, вядома, душпастырства сярод людзей.

У шумілінскім касцёле святары  адзначылі  і дзень заканчэння яўленняў Фацімскіх, у гонар Маці Божай Фацімскай, якая яўлялася ў 13 дзень шэсць месяцаў запар тром дзецям-пастушкам. Скончылася мерапрыемства ружанцовай працэсіяй вакол Санктуарыя.

 

* * *

13 кастрычніка, 16 год таму,  загадам Яна Паўла II па просьбе кардынала Казіміра Свёнтка  створаная Віцебская каталіцкая дыяцэзія ў Беларусі. Першым біскупам быў прызначаны Уладзіслаў Блін.

biskup_5

З 2013 года і па цяперашні час біскупам Віцебскай дыяцэзіі з’яўляецца  Алег Буткевіч (на здымку).

Паводле прэс-сакратара Віцебскай дыяцэзіі Віктара Місевіча, за час свайго кіравання біскуп Алег Буткевіч прадумана правёў рэарганізацыю курыі і  вялікую ўвагу надзяліў дапаможным дарадчым органам.

– Бачна, што біскуп Алег хоча зрабіць ідэальную дыяцэзію. Біскуп вельмі актыўны, ён ездзіць па розных парафіях не з кананічнымі візітамі, а проста, па запрашэннях, каб бліжэй пазнаёміцца з вернікамі і душпастырамі, якія там працуюць.

Віцебская дыяцэзія супадае па межах з Віцебскай вобласцю. Яна налічвае 137 парафій, дванаццаць дэканатаў і 170 тысяч вернікаў. Усяго ў Беларусі чатыры дзеючыя дыяцэіі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя