17-я гадавіна трагедыі на Нямізе



17 гадоў таму, 30-га траўня 1999-га года, у цісканіне ў падземным пераходзе на станцыі метро «Няміга» загінулі 53 чалавекі — большасць дзяўчаты. Моладзь, што прыйшла на свята піва да Палаца спорта, ратавалася ў пераходзе ад навальніцы.

74756_original

Пасля расследавання справы суд прызнаў, што вінаватых у трагедыі няма. Суаўтарка кнігі «Трагедыя на Нямізе: факты, сведчанні, каментары» праваабаронца Таццяна Равяка адзначае, што гэтая трагедыя засталася ў грамадстве не пераасэнсаванай:

— Пра яе шмат гаварылася ў першы год калі гэта адбылося. Выказваліся розныя версіі, у тым ліку нават містычнага характару. А потым усё пачало забывацца, загойвацца і цяпер такі стан, што праходзіш каля Нямігі, там вось гэты помнік, кветкі, прозвішчы — яны ўжо мала каму штосьці нагадваюць. Людзі спыняюцца часам і пытаюць: А што тут было? А што тут такое?

Крымінальную справу за службовую нядбайнасць распачалі супраць міліцэйскіх чыноўнікаў Менскага гарадскога выканкама. Аднак яе спынілі ў 2002-м годзе. Суддзя патлумачыў рашэнне сканчэннем тэрміну даўніны:

— Гэтая справа была закрыта і нават з гледзішча ацэнкі абавязкаў дзяржавы перад грамадзянамі дзяржава ж дала дазвол на правядзенне гэтага канцэрта, дык яна нібы нясе і адказнасць. Яна перакладае гэтую адказнасць на супрацоўнікаў міліцыі, якія забяспечваюць правапарадак, але гэтага не адбылося. Не было пакараных, а яны былі вызначаныя.

На месцы трагедыі, ля ўваходу на станцыю метро „Няміга”, у 2002-м годзе быў усталяваны помнік у выглядзе 53 руж, раскіданых па прыступках, а таксама малая каплічка.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя