У Віцебску ўсё ж усталявалі помнік Аляксандру Неўскаму



Помнік расейскаму князю Аляксандру Неўскаму, нягледзячы на пратэсты грамадcкасці, усталявалі на віцебскай Плошчы тысячагоддзя. Помнік ставілі на пастамент паўтары гадзіны. За гэты час паміж мінакамі адбылося нямала спрэчак, ці патрэбны Віцебску такі помнік.

Адкрыццё скульптуры, якая паказвае сустрэчу князя з жонкай і сынам, запланавалі на 24-га чэрвеня, калі ў Віцебску святкуюць Дзень горада.

Ідэя ўсталяваць помнік Неўскаму належыць віцебскім гарадскім уладам. Прапанова была выказана яшчэ ў 2009-м годзе, тады ж быў праведзены конкурс скульптурных праектаў. Але пазней праект-пераможца быў яшчэ некалькі разоў заменены.

У адказ на пратэсты віцяблян, якія кажуць пра адсутнасць гістарычных сувязяў паміж Віцебскам і расейскім князем, улады прыдумалі аргумент. Маўляў, гэта будзе не помнік Аляксандру Неўскаму, а скульптурная кампазіцыя, якая ўвасабляе сямейныя каштоўнасці, бо другой жонкай Аляксандра Неўскага была Віцебская княжна Аляксандра.