Распачалася падрыхтоўка да 100-годдзя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі



Слонім наведалі адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец і сябра Нацыянальнай Рады БХД Анатоль Астапенка . У горадзе над Шчарай яны сустрэліся са слонімскімі сябрамі БХД.

Падчас сваёй сустрэчы ў Слоніме, Павел Севярынец сказаў, што ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі кіраўніцтва аргкамітэту Партыі БХД наведвае мясціны, звязаныя з дзейнасцю пачынальнікаў беларускай хадэцыі. «Сёння мы завіталі ў Слонім невыпадкова, – сказаў Павел Севярынец. – У Слоніме пэўны час служыў Адам Станкевіч. За дзейнасць па беларусізацыі касцёла ў 1938 годзе ён быў высланы польскімі ўладамі з Вільні ў Слонім  тэрмінам на 5 гадоў. Увосень 1939 года, пасля заняцця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі, Адам Станкевіч вярнуўся ў Вільню, дзе стаў дырэктарам Беларускай дзяржаўнай прагімназіі. Там жа перажыў Другую сусветную вайну, будучы святаром касцёла святога Міхала. Яго арыштавалі 7 снежня 1944 года, але неўзабаве адпусцілі. Паўторна арыштавалі 13 красавіка 1949 года і прысудзілі 25 гадоў лагераў. Ён быў адпраўлены ў Азярлаг (лагер сістэмы ГУЛАГ у Тайшэце Іркуцкай вобласці Расеі), дзе яго і закатавалі».

Да 100-годдзя БХД па словах Паўля Севярынца і Анатоля Астапенкі, будуць падрыхтаваныя дзве кнігі пра вялікіх людзей БХД, адбудуцца канферэнцыі, сустрэчы, вандроўкі па мясцінах, дзе жылі і працавалі сябры БХД, шэраг іншых мерапрыемстваў.

Слонімскі сябра БХД Іван Бедка падчас сустрэчы адзначыў, што ў Слоніме мяркуецца да 100 БХД ушанаваць імя Адама Станкевіча.

IMG_1159

IMG_1160

IMG_1164

IMG_1166

IMG_1169

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара.