25 базавых за «Марш недармаедаў» у Берасці



У арганізацыі незаконнага масавага мерапрыемства па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь абвінавацілі актывіста «ЕўраБеларусі», аднаго з лідараў «Марша дармаедаў» у Берасці Андрэя Шарэнду.

Суд прызначыў пакаранне ў памеры 25 базавых велічынь або 575 рублёў. Андрэй Шарэнда падкрэсліў, што ўсе выходныя ён правёў за кратамі:

—  На мяне адразу склалі пратакол. Я адмовіўся ўвогуле глядзець  на яго і мяне пасадзілі ў камеру. Я дагэтуль знаходзіўся ў камеры Невядома чаму так доўга цягнулі з судом: чакалі, што людзі разыдуцца ці што — незразумела. Пратакол па артыкуле 23.34 частка 3 — удзел у несанкцыянаванай акцыі, якая адбывалася тыдзень таму, у мінулую нядзелю.  

На суд да Андрэя Шарэнды прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. Пачатак судовага паседжання быў затрыманы больш чым на гадзіну. Сам актывіст лічыць рашэння суда палітычна матываваным і сваёй віны не прызнае.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: Мікола Ляшкевіч