25 гадоў без дарог



Няма дарог – адныя накірункі. Гэта рэаліі жыцця ў гарадзенскай „Зарыцы”. Жыхары мікрараёна “Зарыца-2” больш за 25 гадоў жывуць без асфальту. Яшчэ ў час будаўніцтва дамоў былі зроблены гравейкі – накірункі праезду. Зараз гэтыя шляхі размываюцца падчас дажджу і людзі іх латаюць саматужна: камянямі і бітай цэглай.

Актывісты сярод жыхароў мікрараёна напісалі звароты ў Адміністрацыю Лукашэнкі, Дзяржкантроль і Гарадзенскі абл- і гарвыканкам. Пра сітуацыю з дарогамі распавядае грамадскі актывіст Сяргей Жыльскі:

– Жыхары мікрараёна „Зарыца-2” апошнім часам пачалі абурацца, чаму ў нас не робяць дарогі. Усюды стараюцца і робяць дарогі, акрамя “Зарыцы-2”. Гэты мікрараён як пракляты, нікому не патрэбны. А быў праект “Зарыца-2”, “Зарыца-4”. Між тым, у “Зарыцы-5” зрабілі дарогу-гравейку ў мінулым годзе, хоць ніводнага жылога дома там няма. Там толькі будуюцца дамы. А тут ужо амаль 26 гадоў стаяць дамы, але ні гравейкі, ні асфальту няма.

Пад зваротам падпісалася больш за 100 жыхароў “Зарыцы-2”. Таксама жыхары стварылі групу “Дарогі Зарыцы” і звярнуліся да кандыдата ў парламент ад “Гавары праўду!” Сяргея Мякекі, які вылучаецца па Гарадзенска-Ленінскай выбарчай акрузе №52, куды ўваходзіць і мікрараён “Зарыца”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня