25 сутак арыштаў на Лідчыне



25 сутак арыштаў агулам атрымалі грамадскія актывісты на Лідчыне. Да асуджаных Валерыя Мінца і Вітольда Ашурка дадаўся і сябра Моладзі БНФ Аляксей Маркевіч.

Старшыня Лідскага раённага суда Сяргей Піпко прысудзіў маладога чалавека да 3 сутак адміністратыўнага арышту па артыкуле «Дробнае хуліганства». Міліцыянты, якія затрымлівалі актывіста засведчылі ў судзе, што пры затрыманні той лаяўся матам. У сваю чаргу, абвінавачаны катэгарычна адмаўляе гэта. У справядлівасць прысуду не вераць таксама бацькі і сябры актывіста, якія прыйшлі ў суд, каб падтрымаць маладзёна:

— Пры канцы суддзя зрабіў такую рэмарку, ужо калі зачытаў вырак, звяртаючыся да маці Аляксея: « Ну вы ж разумееце, за што яго судзяць? Яго судзяць не за ягоныя паводзіны, а за тых, хто сядзіць за ім». А за ім сядзелі ягоныя сябры, паплечнікі. Гэта вельмі паказальна: за што на самой справе адбываўся суд.

Аляксей Маркевіч быў адпушчаны на волю праз 5 гадзін пасля суда, калі скончыўся тэрмін яго зняволення, асноўную частку якога ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў яшчэ да суда. Астатнія актывісты  Валер Мінец і Вітольд Ашурак будуць адпушчаныя па сканчэнні тэрмінаў арышту у бліжэйшыя пятніцу і панядзелак.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя