30 год пасля Чарнобыльскай катастрофы



Сёння, 26 красавіка, спаўняецца 30-ая гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адным з гарадоў, які пацярпеў у выніку чарнобыльскай катастрофы, – горад Хойнікі.

26-гадовая Алена Стасевіч нарадзілася ў гэтым горадзе і жыла там, пакуль не выйшла замуж. Яна сама ды яе сям’я маюць пасведчанні пацярпелых ад гэтай аварыі, а яе бацька – чарнобыльскі ліквідатар. Чарнобыльскі выбух  адбіўся на яе здароўі і здароўі  малодшага брата. Але з ільгот не засталося амаль нічога,  кажа Алена:

– Хойнікі лічацца чарнобыльскай зонай, але ніякіх даплатаў няма. Таце яшчэ ліквідатарскі адпачынак даюць дадаткова. Адзінае, у мяне засталася ільгота на дапамогу па доглядзе дзіцяці – не 100%, а 150%.

Паводле Алены Стасевіч, раней апусцелыя пасля Чарнобылю Хойнікі маглі падпасці нават у шэраг пасёлкаў. Цяпер горад адбудоўваецца. За апошнія чатыры гады з’явілася каля 8 новых шматкватэрных дамоў для тых, хто хоча жыць і працаваць тут:

– Цяпер людзі вяртаюцца туды. Дзесьці ж трэба працаваць. Калі тут мы не можам яе знайсці, а там даюць і працу, і кватэру, то чаму не скарыстацца такой магчымасцю.

Сёння ў Менску адбудзецца “Чарнобыльскі шлях” – акцыя па ўшанаванні памяці ахвяраў чарнобыльскай катастрофы.

Беларускае Радыё Рацыя