5-ыя суткі галадоўкі Андрэя Стрыжака



Пятыя суткі запар трымае галадоўку актывіст незалежнага прафсаюза Андрэй Стрыжак. Гэтак ён пратэстуе супраць незаконнага змяшчэння пад варту за ўдзел у акцыях за адмену Дэкрэту №3. Чаму Андрэй Стрыжак абвясціў галадоўку? Навошта ён добраахвотна пайшоў у міліцыю? Ці адчуваюць рэпрэсаваныя актывісты падтрымку грамадства? На гэтыя пытанні адказвае жонка зняволенага Яўгенія Стрыжак у гутарцы з Міколам Бянько.

Карэспандэнт: – Беларускі сегмент Фэйсбука ўважліва сачыў за тым, як Андрэя спачатку знялі з цягніка ў Маладзечне, а потым не хацелі прымаць у ізалятар. Чаму ён добраахвотна пайшоў у міліцыю?

Яўгенія Стрыжак: – А як бы вы паступілі на месцы Андрэя? Па-першае, на ім „вісіць” невыкананае адміністрацыйнае спагнанне. Дзе яно выстраліць, невядома. Але я зраблю невялічкае адступленне, каб патлумачыць людзям, што такое адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышту. Гэта насамрэч прыхаваны крымінальны пераслед. Паводле міжнароднага права, зняволенне ў вязніцы – гэта пакаранне за крымінальныя правіны. Самае страшнае, што, па беларускім заканадаўстве, грамадзяніна можна вельмі проста адпраўляць на суткі на адміністрацыйныя арышты бясконца.

Карэспандэнт:Андрэй яшчэ да змяшчэння ў ізалятар абвясціў галадоўку. Чаму ён вырашыў пайсці на такі небяспечны крок?

Яўгенія Стрыжак: – Мы не маем практычна аніякіх рычагоў уплыву на ўладу. Што мы можам пакласці ў падмурак змагання за нашую свабоду? Толькі сваё здароўе і жыццё. У гэтым сэнс галадоўкі. Гэтае рашэнне прымаў асабіста Андрэй. Я перакананая, што ён будзе яго прытрымлівацца.

Карэспандэнт: – Ці заўважылі вы праявы салідарнасці з боку беларускага грамадства?

Яўгенія Стрыжак: – Вельмі шмат людзей напісала мне словы падтрымкі. Акрамя гэтага, са мной да ізалятара хадзілі Максім і Юлія Філіповічы. Натуральна, без іх падтрымкі было б значна цяжэй. Я б, па-першае, не здагадалася сама, як перадаваць перадачу. Там няма ніякага „user friendly” інтэрфейса, ніяк не здагадацца, што трэба не да акна, а да зачыненых дзвярэй падыходзіць. Я б сказала, што не столькі на ўзроўні ўсяго грамадства змены заўважныя, колькі ў нашай грамадзянскай супольнасці. Пасля апошніх падзеяў мы неяк сталі ўсе бліжэй міжсобку.

Карэспандэнт: – Напярэдадні зняволення Андрэй пісаў у фэйсбуку, што збіраецца правесці маніторынг умоваў утрымання людзей у ізалятары.

Яўгенія Стрыжак: – Ён збіраўся абскарджваць усе незаконныя дзеянні. Нягледзячы на тое, што многія з актывістаў, якія выйшлі на волю нядаўна, сцвярджаюць пра добрае стаўленне з боку адміністрацыі ізалятара, умовы там пакідаюць жадаць лепшага. Максім Філіповіч, напрыклад, не атрымліваў ваду з волі, калі трымаў галадоўку. А піць з крану ваду там амаль немагчыма. Да таго ж, у камерах жахлівы холад, як на вуліцы тэмпература, таму людзі спяць у вопратцы і ў шапках. Аднак ніхто на гэта не скардзіцца і ўсё гэта застаецца нязменным.

Андрэй Стрыжак быў асуджаны завочна на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за выступ перад грамадзянамі на ганку суда Цэнтральнага раёна Гомеля. Цягам месяца пасля вынясення прысуда актывіст знаходзіўся па-за межамі Беларусі, дзе каардынаваў збор сродкаў для дапамогі рэпрэсаваным суайчыннікам. Па вяртанні на радзіму яго накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель