50 базавых штрафу за раздачу ўлёткаў



Суд палічыў раздачу ўлётак – правядзеннем пікету. У выніку – 50 базавых велічынь штрафу Анатолю Лябедзьку, па 30 базавых велічынь – Вользе Маёравай і Дзянісу Красачку прысудзілі за раздачу інфармацыйных матэрыялаў на прахадной Менскага аўтамабільнага завода. Суд, адбыўся ў прысутнасці прадстаўнікоў дыпламатычных місій Велікабрытаніі, Швецыі і ЗША, якія, паводле Лябедзькі, сталі сведкамі таго, як у Беларусі выконваюцца абяцанні Лідзіі Ярмошынай пра лібералізацыі выбараў:

Гэта ўпершыню ў беларускай гісторыі. Гэта азначае, што ўлада баіцца нашых камунікацый наўпрост з людзьмі – ці гэта кірмаш, ці прахадная, ці гэта вуліца. Ва ўсіх трох рашэннях напісана ў чым нашая віна – мы раздавалі інфармацыйныя матэрыялы (улёткі), якія ўтрымліваюць крытыку ўрада. Гэтым самым яны дэманструюць, чаго яны баяцца – крытыкі і альтэрнатыўнай праграмы “Мільён новых працоўных месцаў”. Таму рашэнне выключна палітычнае. Гэта выклік не толькі для нас. Гэта выклік для ўсіх палітычных арганізацый і для праваабаронцаў.

“Ад сёння пачынаем сваю перадвыбарчую кампанію”, – кажа Анатоль Лябедька. Па яго словах, прысуд сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі будзе абскарджаны, але ў любым выпадку дзейнасць партыі, скіраваная на інфармаванне насельніцтва аб актуальных праблемах, будзе працягнута.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя