7 ліпеня – дзень знікнення Змітра Завадскага



Сёння 16-я гадавіна знікнення беларускага тэлеаператара, супрацоўніка Грамадскага расейскага тэлебачання (ОРТ, цяпер — Першы канал) Змітра Завадскага. На момант знікнення яму было 27 гадоў.

zaglushka-fin_0

З 1994 па 1997 год Завадcкі працаваў у аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым стаў працаваць на ОРТ. Вясной 1997 года ён разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі. З кастрычніка 1999 года па май 2000-га Завадскі працаваў у Чачні, дзе з Шараметам здымаў фільм „Чачэнскі дзённік”.

Раніцай 7 ліпеня 2000 года Завадскі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Менск сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З таго часу аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС „Алмаз” Валерыя Ігнатовіча, які сустракаўся з Завадскім ў Чачні. Ігнатовіч, а таксама прызнаны вінаватым у выкраданні Максім Малік асуджаныя на пажыццёвае зняволенне. Былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза і беспрацоўнага на той момант Сяргея Савушкіна, якія таксама праходзілі падазраванымі па гэтай справе, у выніку прызналі вінаватымі ва ўчыненні іншых злачынстваў і асудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму адпаведна.

27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Менска прызнаў Завадскага памерлым, хоць цела яго не было знойдзена ні тады, ні цяпер. У сакавіку 2004 года пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага „ў сувязі з неадшуканнем без вестак зніклай асобы”. У 2005 годзе расследаванне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га зноў прыпынена.

У пачатку 2000-х гадоў былі апублікаваныя дакументы, з якіх вынікала, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі актывістамі расправіўся спецыяльна створаны для гэтага „эскадрон смерці”. Сярод датычных да выкраданняў згадваўся былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў. Па гэтай прычыне яму, як і шэрагу іншых беларускіх чыноўнікаў, быў забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.

Увесну гэтага года Святлана Завадская двойчы звярталася ў Следчы камітэт па інфармацыю пра крымінальную справу, звязаную з выкраданнем яе мужа. Яна таксама прасіла СК даць ёй копіі дакументаў па справе, якія неабходны для абскарджання дзеянняў або бяздзейнасці органаў крымінальнага пераследу. У адказ на гэта прашэнне ў Следчым камітэце ёй заявілі, што вытворчасць па крымінальнай справе, звязанай з выкраданнем Завадскага, прыпынена і закон не прадугледжвае права пацярпелага атрымліваць копіі працэсуальных дакументаў.

belapan.by