8 сакавіка. „Мы да гэтага свята прывыклі” (абноўлена)



Лозунгі пачатку 20-га стагоддзя ў абарону жанчынаў зараз больш актуальныя, чымсьці кветкі і падарункі. Так свята 8 Сакавіка пракаментавала гендарная  даследніца Ірына Саламаціна. У Беларусі сёння адзначаецца Міжнародны жаночы дзень. Свята, якое засталося ў спадчыну ад Савецкага Саюза. Яно паўстала ў пачатку мінулага стагоддзя, каб жанчыны маглі адстойваць свае правы, але гэта актуальна і ў сучаснай Беларусі – перакананая гендарная даследніца Ірына Самалаціна, якая прыводзіць прыклад, калі жанчыны зарабляюць па-ранейшаму меней за мужчын.

– Застаецца вельмі шмат нявырашаных праблем. Беларускім жанчынам ёсць чаго баяцца і за што змагацца. Ім самім пара зразумець, што можна зрабіць, як бараніць свае правы, у тым ліку і праз суды. Бо Белстат шмат гадоў гаворыць пра тое, што нават унутры так званых фемінізаваных сфераў заробкі ў мужчын і жанчын неаднолькавыя. Таму, безумоўна, ёсць чым займацца і пра што думаць.

У сувязі з Міжнародным жаночым днём ў Беларусі сёння выхадны. Для большасці гэта нагода, каб адпачыць, а свята ўспрымаецца фармальна – жанчынам дораць кветкі і віншуюць.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаецца ў шэрагу краін, у тым ліку ў Беларусі як «жаночы дзень». Аб рэвалюцыйным мінулым гэтага свята сёння ніхто не задумваецца. Як паказала гутарка з людзьмі на вуліцах Бярозы, усе ўспрымаюць 8 сакавіка як ушанаванне жанчын праз падарункі і іншыя праяўленні ўвагі.

– Гэтае свята – можа і перажытак, але мы ўжо прывыклі да яго. Я б пакінуў гэтая свята, але не дзяржаўным. Жонак трэба віншаваць. У прынцыпе гэта можна рабіць і без святаў.

– Кветкі трэба дарыць, абавязкова. Цюльпаны -як сімвал сваёй любові. А на што ў нас больш хапае грошай? Больш ні на што. Добра, калі на кветкі хапае.

– Свята, канешне, свята. Кветкі купіў. На большае не дазваляюць фінансы. Якое тут жыццё, калі атрымліваеш 100 даляраў.

IMG_3501

Дзень шанавання жанчын узнік яшчэ ў Старажытным Рыме. Тады гэтае свята адзначалі жанчыны, якія нарадзіліся свабоднымі і ўступілі ў шлюб. Яны атрымлівалі ў гэты дзень ад сваіх мужоў падарункі і былі акружаныя ўвагай і клопатам.

У 1910 годзе нямецкая сацыялістка Клара Цэткін на Другой Міжнароднай сацыялістычнай жаночай канферэнцыі прапанавала заснаваць дзень барацьбы за правы жанчын 8 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя