Абаронцы Курапатаў у чаканні рашэння Менгарвыканкама



Акцыянер кампаніі-замоўцы «Белрэканструкцыя» заявіў, што канфлікты ім не патрэбныя і будоўля спыненая да моманту рашэння горада. Менгарвыканкам абяцае спыненне будоўлі на тыдзень, але настойвае, што ў Курапатах усё законна, пры гэтым улады  просяць актывістаў згарнуць лагер.

Самі актывісты чакаюць канчатковага рашэння і поўнага скасавання будоўлі і працягваюць варту.

Павел Севярынец, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя:

— Я прайшоў васьмімесячную варту ў Курапатах і сажу вам, што цяпер людзей больш, чым было тады: у 2001-2002 гадах. Чаму так адбываецца? Бо саспела новае пакаленне ў Беларусі і Беларусь змянілася. Калі вы паглядзіце, колькі зараз людзей выходзіць супраць Дэкрэта «аб дармаедах» на вуліцы беларускіх гарадоў, вам стане ясна, што пачынаецца новы час і невыпадкова менавіта ў гэты час зноў гучаць Курапаты. Курапацкі крыж — гэта сістэма каардынатаў нацыянальнай ідэі. І менавіта з гэтай сістэмы каардынатаў і пачынаецца адлік, пачынаюцца штуршкі. Таму цяпер, я думаю, ідзе штуршок, які потым будзе прызнаны гістарычным.  

Андрусь Горват:

— Мяне па-першае прывялі сюды людзі, якіх я паважаю і люблю. Мне падалося дзіўным, што яны тут, а я — не. Мне хацелася пасці за імі. Па-другое, гэта такі момант уласнай адказнасці, калі разумееш, што акрамя цябе гэта нікому не трэба. Кожны чалавек, які сюды прыходзіць, мае ўласную адказнасць перад гэтай зямлёй. Мне падабаюцца людзі, якія тут збіраюцца, бо гэта людзі са своеасаблівым пачуццём унутранай свабоды.

Людміла:

— Сорамна быць дома, калі тут такое робіцца, таму мы і прыехалі. Падтрымаць хлопцаў у такую непагадзь. Асабіста для мяне, у мяне і па бацькавай і па матчынай лініі няма курапацкіх стратаў, ніякіх рэпрэсій і нічога такога страшнага не адбылася. Але я разумею, што нашых беларусаў шмат палегла ад улады. І вельмі прыкра, што такое месца… Даруйце, мне цяжка гаварыць… Каб такое не паўтарылася трэба помніць.

— Мы прыехалі сюды з Берасцейскай вобласці: з Кобрыні, з Баранавіч, з Берасця. Калі я даведаўся, што тут паўстаў намётавы лагер з нагоды абароны Курапатаў, я ўжо інтуітыўная сам сабе сказаў, што я буду тут, а потым і жонцы сказаў. Тэма Курапатаў — балючая тэма для нашай дзяржавы, для ўсіх беларусаў.

Актывісты абароны Курапатаў запрашаюць на галоўны гарадскі мітынг, які адбудзецца ў пятніцу а 18-й гадзіне вечара.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя