Абаронцы Курапатаў звярнуліся ў суд



Шэраг актывістаў грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” звярнуліся ў гарадскі суд Менску з прыватнай скаргай. Па словах сябра гэтай ініцыятывы, журналіста Марата Гаравога, зварот выкліканы  тым, што 6 студзеня 2016  года судззя Іван Маісейчык з суда Цэнтральнага раёну адмовіў ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе прадстаўнікоў ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў”.  Яны спрабавалі абскардзіць неправамоцныя  дзеянні Генеральнай пракуратуры.

„Пракуратура адмовілася паведаміць нам раней выяўленыя  дадзеныя аб некаторых ахвярах рэпрэсій сталінскіх часоў, якія пахаваны ў Курапатах,” – сказаў Марат Гаравы:

– Суддзя матываваў сваю адмову тым, што мы не згодныя з дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс. Гэтая выснова суддзі абвяргаецца фактамі, якія выкладзеныя ў нашай скарзе. Таму мы лічым надуманай выснову Івана Маісейчыка, на падставе якой нам было адмоўлена ва ўзбуджэнні справы. Мы лічым, што такая выснова спатрэбілася суддзі для таго, каб звязаць сваю адмову з нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.

„Насамрэч мы звярталіся ў пракуратуру не ў рамках крымінальнага працэсу, а каб рэалізаваць сваё Канстытуцыйнае права  на атрыманне інфармацыі, якая мае гістарычна-культурнае, духоўнае і нацыянальна-каштоўнаснае значэнне для кожнага грамадзяніна краіны,” – падкрэсліў Марат Гаравы.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя