Абмеркаванне генплана Менска пераўтварылася ў фарс



Абмеркаванне генплана, што завяршылася днямі, менчукі лічаць незавершаным і несапраўдным.

162

Пра гэта гаварылася на прэс-канферэнцыі актывістаў ініцыятыўных груп жыхароў і прадстаўнікоў грамадскай арганізацыі «Экаград», якая пераўтварылася ў круглы стол з прыняццём рэзалюцыі. Мноства меркаванняў падсумаваў актывіст Віктар Наўроцкі:

– Грамадскае абмеркаванне было арганізавана на рэжымным прадпрыемстве, таму людзей прымушалі рэгістравацца на ўваходзе. Гэта не адкрыты доступ! У памяшканні, разлічаным на 30-40 чалавек, людзі душыліся,  як у гадзіну пік. Была забаронена фота- і відэаздымка. Было зроблена ўсё магчымае, каб абмежаваць доступ да інфармацыі, каб з людзей зрабіць дурняў. Яны смяюцца з нас!

Ініцыятыўныя групы менчукоў і «Экаград» прапаноўваюць стварыць грамадскую горадабудаўнічую Раду пры Менгарвыканкаме і толькі пасля гэтага вярнуцца зноў да абмеркавання генплана па забудове Менска. Кажа лідар «Экаграду» Віктар Янчурэвіч:

– Прапанаваць старшыні Менскага гарвыканкама Андрэю Віктаравічу Шорацу стварыць пры Менскім гарадскім выканаўчым камітэце грамадскі горадабудаўнічы савет. Таму што архітэктурны горадабудаўнічы савет з адмыслоўцаў ёсць. Няма грамадскай структуры, якая б магла стрымліваць і кантраляваць работу тых, хто займаецца планаваннем і развіццём горада.

Цяпер мяч на полі ўладаў – прапановы адразу пасля круглага стала перададзеныя ў Менгарвыканкам.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота socnews.by