Абвешчаны прысуд у справе рэгістрацыі “Матчынага руху 328”



Абвешчаны прысуд у справе рэгістрацыі грамадскай аб’яднання “Матчын рух 328”. Яго ствараюць маці асуджаных па артыкулах за захоўванне і распасюд наркотыкаў, якія лічаць прысуды неабаснаванымі і заяўляюць пра катаванні ў працэсе атрымання доказаў па справах. Суд адмовіў ім у праве стварэння арганізацыі.  Каля будынка Гарадзенскага абласнога суда знаходзіцца наш карэспандэнт:

– Суддзя Вячаслаў Міхневіч, спасылаючыся на беларускае заканадаўства, адмовіў у магчымасці рэгістрацыі арганізацыі “Матчын рух 328”, і прыняў бок Упраўлення юстыцыі, якое ў свой час адмовілася рэгістраваць арганізацыю. Фактычна адмова ў рэгістрацыі базуецца на трох пунктах, адзін з якіх забараняе “Матчынаму руху 328” займацца дабрачыннай дзейнасцю. Таксама ў назве арганізацыі ўтрымліваецца лічба “328”, што пярэчыць беларускаму заканадаўству. І трэці пункт, па якім было адмоўлена, – тое, што пры падачы дакументаў быў пададзены лагатып арганізацыі, хаця ініцыятары “Матчынага руху 328” не прасілі, каб лагатып быў зарэгістраваны.

Нежаданне Гарадзенскага абласнога суда рэгістраваць сацыяльна – асветніцкае грамадскае аб’яднане «Матчын рух 328» з’яўляецца праявай непавагі да грамадзянскай супольнасьці краіны. Старшыня ініцыятыўнай групы па стварэнню грамадскага аб’яднання Ларыса Жыгар лічыць, што сваім рашэннем судовая ўстанова парушае не толькі канстытуцыйныя правы грамадзян, але і падкрэслівае адмоўнае стаўленне ўладаў да таго, каб праблему распаўсюду наркотыкаў вырашаць супольна з грамадствам:

— Наркотыкі гэта праблема нумар адзін, наркотыкі гэта зло і з ім трэба змагацца і змагацца усёй грамадскасці і усім грамадскім арганізацыям. І каб было паболей такіх грамадскіх арганізацыяў калі толькі пачалі ў нашу краіну паступаць гэтыя наркотыкі, дык магчыма і не было б такога наплыву гэтых наркотыкаў.

Урбановіч Аляксандр Уладзіміравіч, прадстаўнік галоўнага упраўлення юстыцыі:

— Чаму была адмова? Бо тыя звесткі, што падала ініцыятыўная група руху «Матчын рух 328» пра што яны заяўляюць і тыя дакументы, што яны падалі ў рэгіструючы орган не супадаюць. Не супадаюць мэты, якія заяўляе група і мэты паводле статуту.

 Раман Юргель, прадстаўнік Беларускага хельсінскага камітэта ў Гародні:

— Ва ўсім свеце міжнароднае заканадаўства — універсальнае і ва ўсіх краінах заяўляльны прынцып грамадскіх арганізацыяў і партыяў. На жаль, у Беларусі гэтага няма.  

 Сваім рашэннем Гарадзенскі абласны суд забараніў арганізацыі «Матчын рух 328» дзейнічаць легальна і бараніць інтарэсы сваіх дзяцей, многія з якіх асуджаныя за ужыванне і распаўсюд наркотыкаў па сфальсіфікаваных справах.

Адмову Гарадзенскага абласнога суда ініцыятары стварэння “Матчынага руху 328” будуць абскарджваць у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня